10 чэрвеня, Астравецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе прыняць місію МАГАТЭ па фізічнай абароне ядзерных матэрыялаў (IPPAS) у бліжэйшы час. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам начальнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугаўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сістэма місій - гэта інструментарый, з дапамогай якога МАГАТЭ ацэньвае, наколькі выконваюцца ўсе патрабаванні па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы. Беларусь прыняла вялікую колькасць місій, мы адгукаліся на прапановы МАГАТЭ і самі былі ініцыятарамі. Ужо літаральна праз пару тыдняў будзем прымаць місію IPPAS - па ацэнцы фізічнай абароны ядзерных матэрыялаў. У IV квартале будзе пост-місія па комплекснай ацэнцы рэгулюючай інфраструктуры (IRRS). Яна будзе ацэньваць, наколькі выкананы рэкамендацыі, выдадзеныя ў 2016 годзе", - расказала Вольга Лугаўская. Паводле яе слоў, беларускі бок таксама чакае еўрапейскую партнёрскую праверку ў канцы жніўня.
Беларусь на добраахвотнай аснове правяла стрэс-тэсты БелАЭС па працэдуры Еўрапейскага саюза. Пры іх выкананні ацэньвалася наяўнасць "запасаў бяспекі" над патрабаваннямі, устаноўленымі нацыянальным заканадаўствам. Крытэрыі стрэс-тэстаў уключалі праверку надзейнасці атамнай станцыі на выпадак стыхійных бедстваў, у прыватнасці землетрасенняў і паводак, а таксама розных тэхнагенных аварый. Акрамя таго, крытэрыі ўключалі шырокае кола рызык, выкліканых чалавечым фактарам.
Па выніках стрэс-тэстаў нацыянальны рэгулятар - Дзяржатамнагляд падрыхтаваў нацыянальны план дзеянняў, які абагульніў як рэкамендацыі па выніках нацыянальнай экспертызы, так і рэкамендацыі экспертаў еўрапейскай партнёрскай праверкі. Дакумент змяшчае 23 мерапрыемствы з устаноўленымі тэрмінамі іх рэалізацыі з 2019 па 2025 год.
Ключавая частка рэкамендацый, якія датычацца дадатковых сістэм і абсталявання для забеспячэння бяспекі, ужо выканана. Так, на пляцоўку Беларускай АЭС дастаўлена перасовачная дызель-генератарная станцыя. Яна будзе знаходзіцца ў стане пастаяннага дзяжурства і, калі такая неабходнасць узнікне, забяспечыць работу тэхналагічнага абсталявання сістэм бяспекі першага энергаблока. Усе праектныя рашэнні па яе ўстаноўцы і падключэнні рэалізаваны. Аналагічныя рашэнні будуць прыменены і на другім энергаблоку.
Акрамя таго, паспяхова праведзены выпрабаванні пажарнай тэхнікі для сілкавання бакаў сістэмы пасіўнага адводу цяпла ад рэактара пры неабходнасці. Яны адносяцца да сродкаў пераадолення запраектных аварый і прызначаны для доўгага адводу астаткавага цяпла ад актыўнай зоны рэактара праз парагенератары ў выпадку поўнага абясточвання станцыі. Неабходныя праектныя рашэнні таксама рэалізаваны.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце "АЭС-2006" паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці.