19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе атрымаць статус кансультатыўнага боку ў міжнародным Дагаворы аб Антарктыцы, паведаміў сёння журналістам перад пачаткам рабочага пасяджэння міжведамаснай камісіі Беларусі па пытаннях Антарктыкі начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Абмяркоўваецца падрыхтоўка беларускім бокам пакета дакументаў аб узгадненні статусу кансультатыўнага боку для падачы ў міжнародныя органы Дагавора аб Антарктыцы. Гэта стратэгічнае пытанне для краіны. Статус дае нам права голасу, удзелу ў распрацоўцы і прыняцця рашэнняў, якія датычацца сучаснасці і будучыні Антарктыкі. Мы будзем удзельнічаць непасрэдна ў працэсах па рэгуляванні дзейнасці ў гэтым перспектыўным рэгіёне планеты", - растлумачыў Аляксей Гайдашоў.
Наданне статусу кансультатыўнага боку магчыма ў тым ліку дзякуючы з'яўленню Беларускай антарктычнай станцыі, будаўніцтва якой прадаўжаецца. Устаноўлены трохсекцыйны модуль упраўлення сувязі і навігацыі. Мантаж другога аб'екта пачаўся ў час 9-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, якая вярнулася ў Беларусь у чэрвені бягучага года. Размова ідзе аб лабараторна-жылым модулі, які ўяўляе сабой міні-лабараторыю і жылое памяшканне.
Расшыфроўка даных даследаванняў 9-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі пачалася ўжо. Палярнікі займаліся вывучэннем атмасферы Антарктыкі, прыбярэжных вод, флоры і фаўны, мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Пры гэтым выкарыстоўвалася абсталяванне, распрацаванае беларускімі вучонымі.
Дзейнасць беларускай экспедыцыі магчыма ў тым ліку дзякуючы лагістычнай дапамозе з боку Расіі. На расійскім судне ў Антарктыду дастаўляюцца як самі члены беларускай экспедыцыі, так і аб'екты будуемай станцыі. Як падкрэсліў начальнік лагістычнага цэнтра Расійскай антарктычнай экспедыцыі Вячаслаў Марцьянаў, тэхнічная падтрымка беларускіх экспедыцый прадоўжыцца. Гэта прадугледжана пагадненнем аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы паміж урадамі Беларусі і Расіі.
Палярнікі дзвюх краін супрацоўнічаюць і ў навуковых даследаваннях. Паводле слоў Вячаслава Марцьянава, разглядаецца магчымасць арганізацыі на расійскай станцыі "Усход" назіранняў з дапамогай беларускіх прыбораў. У прыватнасці, плануецца вывучэнне ўзроўню ўльтрафіялетавай радыяцыі на мацерыку. "Гэта важна для будучых касмічных даследаванняў. "Раскосмас" вялікую ўвагу ўдзяляе Антарктыцы ў якасці мадэлі для выпрабавання інжынерных рашэнняў і тэхналогій для будучых касмічных экспедыцый", - растлумачыў ён.