30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь перадала Аб'яднаным Арабскім Эміратам праект пагаднення аб узаемнай адмене віз, паведаміў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка сёння на пасяджэнні верхняй палаты беларускага парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Такая работа вядзецца", - заявіў Андрэй Еўдачэнка, адказваючы на пытанне сенатара, ці плануецца адмена віз для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ўязджаюць у ААЭ і не з'яўляюцца пры гэтым уладальнікамі дыпламатычных пашпартоў. "У лістападзе 2017 года мы перадалі ўжо эмірацкаму боку пагадненне аб узаемнай адмене віз. Уласна кажучы, мы там прадугледжваем стандартныя ўмовы - гэта знаходжанне разавае не больш за 30 дзён і не больш за 90 дзён у сукупнасці ў годзе. Так, як гэта робіцца намі з іншымі краінамі", - сказаў першы намеснік міністра.
Сёння на пасяджэнні Савет Рэспублікі адобрыў ратыфікацыю пратакола аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у міжурадавае пагадненне Беларусі з ААЭ аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў. Пратакол быў падпісаны ў Мінску 10 мая 2017 года для стварэння прававой асновы рэгулявання пытанняў, звязаных са спрашчэннем візавага рэжыму для грамадзян Беларусі і ААЭ, якія маюць не толькі сапраўдныя дыпламатычныя, але і службовыя і спецыяльныя пашпарты.
У адпаведнасці з пратаколам уладальнікі службовых пашпартоў Беларусі і спецыяльных пашпартоў ААЭ змогуць уязджаць, знаходзіцца, выязджаць і рухацца транзітам па тэрыторыі дзяржавы іншай краіны без віз на працягу перыяду, які не перавышае 90 дзён.