17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў правёў нараду па пытаннях прадстаўлення заяўкі Беларусі на правядзенне ў краіне ў 2018 годзе 31-га Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
На нарадзе разгледжана відэапрэзентацыя для прадстаўлення заяўкі Беларусі на правядзенне ў 2018 годзе Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, а таксама заслуханы справаздачы аб выкананні даручэнняў, дадзеных на папярэдняй нарадзе.
Распрацаваная відэапрэзентацыя прадстаўляе Беларусь як касмічную дзяржаву, дэманструе дасягненні краіны і беларускай навукі ў касмічнай дзейнасці, паказвае ўдзел касманаўтаў - ураджэнцаў Беларусі ў асваенні касмічнай прасторы.
У нарадзе прынялі ўдзел кіраўнікі НАН Беларусі, Мінінфарма, Мінфіна, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, ААТ "Пеленг", УП "Геаінфармацыйныя сістэмы" НАН Беларусі, а таксама кіраўнік Федэрацыі касманаўтыкі Расіі лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак.