21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Ганконгу Таццяна Харлап сустрэлася з кіраўніком адміністрацыі Спецыяльнага адміністрацыйнага раёна Макаа Кітайскай Народнай Рэспублікі Хэ Ічэнам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
На сустрэчы былі абмеркаваны пытанні актывізацыі ўзаемадзеяння Беларусі і Макаа, канкрэтныя праекты ў сферах гандлю, адукацыі, турызму, культурных абменаў, фарміраванне дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва, арганізацыі ўзаемных візітаў. Акрамя таго, пацверджана прыхільнасць Беларусі да прынцыпу аднаго Кітая і нацэленасць на інтэнсіфікацыю ўзаемадзеяння са спецыяльнымі адміністрацыйнымі раёнамі Кітая.
Хэ Ічэн адзначыў наяўнасць вялікага нерэалізаванага патэнцыялу супрацоўніцтва з Беларуссю, адкрытасць рынку Макаа для беларускіх тавараў і паслуг, гатоўнасць развіваць сувязі з беларускімі рэгіёнамі і запрасіў да ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах, што праводзяцца ў Макаа.