Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

13 Жнв 2017

Беларусь нацэлена максімальна актывізаваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне з Казахстанам - Кабякоў

14 жніўня, Астана /Кар. БЕЛТА/. Беларусь нацэлена максімальна актывізаваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне з Казахстанам, заявіў 13 жніўня прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Казахстана Бакытжанам Сагінтаевым, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Урад Беларусі нацэлены максімальна актывізаваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне з Казахстанам. З гэтай мэтай мы зацікаўлены ў больш хуткім падпісанні дагавора і праграмы сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана да 2026 года, якія замацуюць стратэгічныя напрамкі нашага супрацоўніцтва", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Ён адзначыў, што гэтыя дакументы плануецца падпісаць у час маючага адбыцца афіцыйнага візіту ў Мінск Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.

Прэм'ер-міністр заявіў, што Казахстан для Беларусі з'яўляецца важным і правераным часам партнёрам, з якім падтрымліваецца высокі ўзровень ўзаемадзеяння як у двухбаковым фармаце, так і па лініі інтэграцыйных утварэнняў і ў рамках міжнародных арганізацый. "Наладжаны рэгулярны адкрыты дыялог паміж лідарамі нашых краін, Беларусь і Казахстан маюць адзіныя пазіцыі па ключавых пытаннях міжнароднага парадку дня", - растлумачыў ён.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, па аб'ёме ўзаемнага тавараабароту Казахстан уваходзіць у лік асноўных партнёраў Беларусі і знаходзіцца на трэцім месцы сярод краін СНД. "У той жа час вымушаны канстатаваць, што апошнія гады наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва адстае ад дынамікі палітычнага дыялогу і не адпавядае існуючаму двухбаковаму патэнцыялу ўзаемадзеяння. Спадзяюся, што ў бягучым годзе мы пераламаем гэту тэндэнцыю - пачатак года абнадзейвае", - сказаў ён. У студзені-чэрвені тавараабарот вырас амаль на 80 працэнтаў і склаў $294,6 млн, экспарт - $252,6 млн, імпарт - $42 млн (рост у 2,5 раза).

Беларусь гатова на ўрадавым узроўні падтрымаць прапановы па перспектыўных праектах у самых розных галінах - нафтахімія, сельская гаспадарка, энергетыка, транспарт і лагістыка, інавацыі і новыя тэхналогіі, дзе абедзве краіны сумесна маглі б рэалізаваць па два-тры буйныя праекты, адзначыў прэм'ер-міністр. "Лакаматывам нашага ўзаемадзеяння застаюцца праекты вытворчай кааперацыі, якія даюць магчымасць ствараць сучасныя прадукты з высокай дабаўленай вартасцю і забяспечваюць занятасць. Цяпер у Казахстане функцыянуе 8 сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі і абсталявання. Мы зацікаўлены не толькі пашыраць лінейку збіраемай трактарнай, аўтамабільнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, але і нарошчваць яе аб'ёмы", - заявіў ён.

Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што добрым прыкладам развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва стаў увод у эксплуатацыю ў 2016 годзе першай чаргі праекта па стварэнні Казахстанска-беларускага індустрыяльна-тэхналагічнага парку сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі. "Наша ўзаемадзеянне прадоўжыў запуск у бягучым годзе зборкі аўтатэхнікі ААТ "МАЗ" на пляцоўцы ТАА "Маторная кампанія "Астана-Мотарс" (Алматы). Акрамя таго, разлічваем на рэалізацыю праектаў па вытворчасці ў Казахстане беспілотных лятальных апаратаў, супрацоўніцтва ў касмічнай галіне, прымяненне беларускага праграмнага забеспячэння ў банкаўскай і транспартнай сферах, развіццё кантэйнерных перавозак. Мы бачым патэнцыял для пашырэння інвестыцыйнай прысутнасці казахстанскага бізнесу ў Беларусі ў розных галінах і гатовы аказаць усебаковую падтрымку зацікаўленым партнёрам", - рэзюмаваў ён.

Прэм'ер-міністр Беларусі адзначыў, што бягучы год з'яўляецца юбілейным для дзвюх краін - 25 гадоў таму (16 верасня 1992 года) паміж Беларуссю і Казахстанам былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны. "За гэтыя гады наша супрацоўніцтва набыло стратэгічны характар", - канстатаваў Андрэй Кабякоў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі