13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сувязі з інцыдэнтам з украінскімі БПЛА Беларусь накіравала зварот старшыні Савета Бяспекі ААН, у якім прыцягнула ўвагу да неабходнасці спынення Украінай правакацыйных дзеянняў, якія нясуць пагрозу ўцягвання Беларусі ва ўзброены канфлікт і яго распаўсюджвання на іншыя краіны рэгіёна. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.
"Беларусь пакінула за сабой права, у выпадку паўтарэння такіх правакацый, на скліканне пазачарговага пасяджэння Савета Бяспекі ААН", - падкрэслілі ў знешнепалітычным ведамстве.
У МЗС праінфармавалі, што заклапочанасць адносна патэнцыялу эскалацыі сітуацыі ў рэгіёне з-за агрэсіўных і непрадуманых дзеянняў украінскага боку будзе даведзена да Генеральнага сакратара ААН.
Пазіцыя Беларусі наконт інцыдэнту таксама будзе апублікавана ў якасці афіцыйнага дакумента 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
У аналагічным ключы па лініі АБСЕ пазіцыя беларускага боку даведзена да дзеючага мальтыйскага старшынства гэтай арганізацыі, харвацкага старшынства форуму па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі, генеральнага сакратара АБСЕ, дзяржаў - удзельніц і краін - партнёраў па супрацоўніцтве АБСЕ.
"Беларусь будзе паслядоўна прыцягваць увагу міжнародных арганізацый да існуючай сітуацыі, якая можа мець вельмі згубныя вынікі, і дабівацца яе адэкватнай прававой ацэнкі", - запэўнілі ў МЗС.