7 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сувязі з рашэннем Ізраіля аб закрыцці пасольства ў Мінску Беларусь, кіруючыся прынцыпам узаемнасці, таксама вымушана прыняць комплекс мер па завяршэнні дзейнасці сваёй дыпламатычнай місіі ў Тэль-Авіве. Аб гэтым гаворыцца ў каментарыі начальніка ўпраўлення інфармацыі - прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Мірончыка ў сувязі з закрыццём ізраільскага і беларускага пасольстваў у Мінску і Тэль-Авіве, паведамляе БелТА.
"Звычайная дыпламатычная практыка такая, што на закрыццё пасольства адказваюць аналагічна. Са шкадаваннем вымушаны пацвердзіць, што ў сувязі з рашэннем Ізраіля аб закрыцці пасольства ў Мінску Беларусь, кіруючыся прынцыпам узаемнасці, таксама вымушана прыняць комплекс мер па завяршэнні дзейнасці сваёй дыпламатычнай місіі ў Тэль- Авіве", - гаворыцца ў каментарыі.
Прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства перакананы, што ізраільскі бок робіць памылку, ігнаруючы той факт, што краіны звязваюць лёсы дзясяткаў тысяч людзей, для якіх Ізраіль і Беларусь з'яўляюцца блізкімі і роднымі краінамі, а таксама ў цэлым пазітыўную дынаміку двухбаковых адносін у розных сферах.
"Такі крок ужо рабіўся нашымі ізраільскімі партнёрамі ў 2003 годзе, і менш як праз год ім давялося яго выпраўляць", - падкрэсліваецца ў каментарыі.
Дзмітрый Мірончык упэўнены, што падтрыманне адносін паміж Беларуссю і Ізраілем на ўзроўні пасольстваў - аб'ектыўная неабходнасць, а аднаўленне іх дзейнасці - толькі пытанне часу.