20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа ў бліжэйшы час увайсці ў склад аднаго з кіруючых камітэтаў Міжнароднага бюро выставак. Надзею на гэта выказаў намеснік генеральнага сакратара Міжнароднага бюро выставак Дзімітрый Керкентзес, з якім сустрэўся ў Дубаі першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
"Прадстаўнік кіраўніцтва міжнароднай арганізацыі высока ацаніў ступень узаемадзеяння паміж Беларуссю і Міжнародным бюро выставак, выказаўшы надзею, што ў бліжэйшы час Беларусь увойдзе ў склад аднаго з кіруючых камітэтаў арганізацыі", - адзначылі ў МЗС.
Дэлегацыя Беларусі на чале з Андрэем Еўдачэнкам 19-20 кастрычніка прымае ўдзел у сустрэчы міжнародных удзельнікаў Сусветнай выстаўкі ЭКСПА-2020 у Дубаі.
У час візіту ў ААЭ кіраўнік беларускай дэлегацыі правёў сустрэчу з дзяржаўным міністрам па міжнародным супрацоўніцтве Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Рым аль-Хашымі. Бакі абмеркавалі ход падрыхтоўкі ЭКСПА-2020, а таксама магчымасці для найбольш эфектыўнага ўдзелу Беларусі ў гэтым мерапрыемстве. Рым аль-Хашымі дала высокую ацэнку падрыхтоўцы Беларусі да ўдзелу ў Сусветнай выстаўцы, падкрэсліўшы, што Беларусь з'яўляецца адной з найбольш актыўных дзяржаў, якія ўзаемадзейнічаюць з эмірацкім бокам па пытаннях удзелу ў ЭКСПА-2020.
Беларуская дэлегацыя таксама правяла двухбаковыя сустрэчы з прадстаўнікамі Аргенціны, Расіі, ЗША, Францыі, Японіі, якія прэтэндуюць на атрыманне права правядзення выставак ЭКСПА ў будучым.