10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова ўнесці свой уклад у развіццё ўсебаковага і плённага супрацоўніцтва ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аб гэтым гаворыцца ў заяве беларускага МЗС у сувязі з павышэннем статусу краіны ў ШАС да наглядальніка, паведамляе БЕЛТА.
"Беларусь здольна і гатова арганічна дапоўніць эканамічнае супрацоўніцтва ў ШАС, выкарыстоўваючы свой транзітны, прамысловы і навуковы патэнцыял, прымаць актыўны ўдзел у каардынацыі пытанняў, звязаных з бяспекай у рэгіёне", - гаворыцца ў заяве.
У МЗС адзначылі, што беларускі бок выказвае ўдзячнасць усім дзяржавам - членам ШАС за аказаны давер і падтрымку ў пытанні павышэння статусу Беларусі да наглядальніка. "Наша краіна гатова ўнесці свой уклад у дзейнасць Арганізацыі, працаваць над тым, каб супрацоўніцтва ў рамках ШАС станавілася больш усебаковым і плённым", - падкрэсліваецца ў заяве.
Пытанні, што разглядаюцца ў ШАС, як у сферы бяспекі, так і ў галіне эканомікі, гуманітарнага супрацоўніцтва, актуальныя не толькі для Азіяцкага рэгіёна, але і ў больш шырокім геаграфічным кантэксце. Беларусь - адзіная поўнасцю еўрапейская дзяржава ў арганізацыі, якая мае адкрытую граніцу з Расіяй, таму падпадае пад уздзеянне тых жа пагроз і ўплываў, што і астатняя прастора ШАС. На працягу пяці гадоў беларускі бок актыўна ўдзельнічаў у шэрагу мерапрыемстваў арганізацыі ў статусе партнёра па дыялогу. Беларусь мае цесныя сувязі з краінамі ШАС: Саюзная дзяржава з Расіяй, усебаковае стратэгічнае партнёрства з Кітаем, супрацоўніцтва з Казахстанам, Таджыкістанам і Узбекістанам на палях СНД, чатыры з шасці дзяржаў ШАС з'яўляюцца разам з Беларуссю членамі АДКБ.
Як паведамлялася, сёння на саміце ШАС ва Уфе кіраўнікі дзяржаў арганізацыі падпісалі рашэнне аб прадастаўленні Беларусі статусу наглядальніка ў ШАС.