8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь даражыць і ганарыцца сваімі адносінамі з Кітаем. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час відэаканферэнцыі са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лі Чжаньшу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рэспубліка Беларусь даражыць і ганарыцца сваімі адносінамі з вялікім Кітаем, якія дзякуючы дружбе Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна, рэгулярнаму абмену візітамі дасягнулі ўзроўню стратэгічных адносін. Вельмі хацелася б, каб нашы лідары сустракаліся часцей. Мы разумеем: нішто не заменіць асабістых сустрэч. І ўпэўнены, што як толькі з'явіцца магчымасць, яны сустрэнуцца як добрыя сябры і галоўныя ідэолагі ў развіцці адносін нашых краін", - сказала Наталля Качанава.
Паводле яе слоў, Беларусь шмат чаму вучыцца ў Кітая, аўтарытэт і ўплыў якога на міжнароднай арэне імкліва растуць. "Усепагодны" характар беларуска-кітайскага супрацоўніцтва дае магчымасць нам рухацца да стварэння прапанаванай старшынёй КНР Сі Цзіньпінам "супольнасці агульных інтарэсаў і супольнасці адзінага лёсу". Мы сумесна рэагуем на ўсе рызыкі і выклікі, разам абараняем суверэнітэт, бяспеку і інтарэсы развіцця. Важнасць адносін з Кітаем пацвярджаецца і той увагай, якую ўдзяліў кіраўнік беларускай дзяржавы пытанням супрацоўніцтва з Кітаем у ходзе вялікай размовы ў Авальнай зале парламента 26 мая бягучага года", - адзначыла спікер.
Наталля Качанава канстатавала, што Беларусь і Кітай вядуць актыўны міжпарламенцкі дыялог. Канструктыўныя беларуска-кітайскія міжпарламенцкія кантакты, якія развіваюцца ў духу ўзаемнай павагі і дружбы, з'яўляюцца надзейнай асновай доўгатэрміновага партнёрства заканадаўчых органаў дзвюх дзяржаў. "Савет Рэспублікі - палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, таму мы бачым будучыню ў развіцці прамых кантактаў паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая, пашырэнні непасрэднага ўзаемадзеяння паміж абласцямі, правінцыямі і гарадамі дзвюх краін. Упэўнена, што наша сустрэча будзе садзейнічаць актывізацыі міжпарламенцкага ўзаемадзеяння нашых краін на карысць беларускага і кітайскага народаў", - заявіла яна.
Беларусь шчыра вітае сувязі з КНР у сферы навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, якія дынамічна развіваюцца. "Перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы. Мы зацікаўлены ў стварэнні сумесна з рэгіёнамі Кітая навукова-тэхнічных паркаў і цэнтраў, развіцці практычнага супрацоўніцтва ў галіне інавацыйнай эканомікі, - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі. - Беларусь - гэта краіна, якая ў ліку першых адгукнулася на ініцыятыву "Адзін пояс, адзін шлях" і актыўна ўдзельнічае ў ёй. Развіццё гэтай канцэпцыі суправаджаецца рознымі навуковымі і гуманітарнымі праектамі".
Нашы краіны актыўна ўзаемадзейнічаюць у сферы аховы здароўя. "Ёсць такая прыказка - сябры пазнаюцца ў бядзе. Выпрабаванні каранавіруснай пандэміяй пацвердзілі шчыры характар нашай дружбы. Беларусь у ліку першых адрэагавала на пачатак эпідэміі і аказала пасільную гуманітарную дапамогу дружалюбнаму Кітаю. Мы шчыра ўдзячны нашым кітайскім сябрам, што, калі бяда прыйшла ў Беларусь, Кітай бязвыплатна паставіў нам медыцынскае абсталяванне, сродкі індывідуальнай аховы, экспрэс-тэсты і вакцыну, - расказала Наталля Качанава. - Сітуацыя па захваральнасці на COVID-19 у нашай краіне ацэньваецца як стабільная і кантралюемая. Меры барацьбы з каранавірусам, якія намі прымаюцца, маюць кропкавы характар з акцэнтам на катэгорыях насельніцтва, якія знаходзяцца ў групе рызыкі. Упаўнаважанымі органамі Беларусі і Кітая арганізавана ўзаемадзеянне па сумесным пераадоленні існуючых рызык і пагроз у галіне біялагічнай бяспекі. Напрыклад, праводзяцца сумесныя абследаванні пасажыраў авіярэйсаў Мінск - Пекін на магчымую наяўнасць у іх каранавіруснай інфекцыі. У 12 арганізацыях аховы здароўя ўсіх рэгіёнаў Беларусі арганізавана вакцынацыя кітайскіх грамадзян і студэнтаў".
Беларусь зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Кітаем па процідзеянні каранавіруснай інфекцыі ў галіне распрацоўкі і вытворчасці вакцын. Перспектыўнай з'яўляецца дасягнутая дамоўленасць аб падрыхтоўцы і падпісанні дарожнай карты двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя.
"Не магу не закрануць пытанне супрацоўніцтва Беларускага саюза жанчын і Усекітайскай федэрацыі жанчын. Арганізацыі прытрымліваюцца падобных прынцыпаў дзейнасці, таму ўзаемадзеянне паміж імі плённа развіваецца. Падрыхтаваны праект пагаднення аб супрацоўніцтве, і мы разлічваем, што дакумент будзе падпісаны ў бліжэйшы час. Прапануем таксама разгледзець у рамках гэтага напрамку двухбаковага супрацоўніцтва магчымасць правядзення круглых сталоў, канферэнцый па тэматыцы міжнароднага жаночага руху і пашырэння жаночай дыпламатыі", - падкрэсліла спікер.
Не менш важным для парламентарыяў з'яўляецца работа з моладдзю. Устанаўленне кантактаў паміж прадстаўнікамі маладзёжных арганізацый Беларусі і Кітая садзейнічала б развіццю стасункаў маладых людзей.
"Дазвольце яшчэ раз адзначыць, што Беларусь адкрыта для шырокага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках. Любыя прапановы, накіраваныя на ўмацаванне двухбаковых адносін, не застануцца без нашай увагі. Для нашай краіны Кітай з'яўляецца блізкім сябрам і партнёрам. Мы прытрымліваемся падобных поглядаў па ключавых міжнародных праблемах. З агульных пазіцый выступаем за фарміраванне справядлівага светапарадку. Паміж нашымі краінамі склаўся высокі ўзровень палітычнага даверу, напрацаваны пазітыўны вопыт узаемадзеяння на ўсіх узроўнях. Упэўнена, што нашы адносіны дружбы і супрацоўніцтва будуць і ў далейшым развівацца на карысць народаў дзвюх дзяржаў", - сказала на заканчэнне Наталля Качанава.