18 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь данесла да кіраўніцтва міжнародных арганізацый сваю пазіцыю па міграцыйным крызісе. Аб гэтым расказаў сёння журналістам пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрый Амбразевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь, асабліва ў апошнія тыдні і дні эскалацыі сітуацыі на граніцы, знаходзіцца ў рэгулярным кантакце з сакратарыятамі міжнародных арганізацый, якія размешчаны ў Жэневе. Мы на пастаяннай аснове на экспертным узроўні працуем з сакратарыятамі, забяспечваем іх адпаведнай інфармацыяй. У апошнія дні пашыраны і дыялог на высокі ўзровень", - заявіў дыпламат.
Юрый Амбразевіч расказаў, што ў яго ўжо адбыўся шэраг сустрэч, у бліжэйшыя дні чакаюць новыя кантакты з кіраўнікамі міжнародных структур. "Праведзены сустрэчы з Вярхоўным камісарам ААН па справах бежанцаў, з Вярхоўным камісарам па правах чалавека, з кіраўніком сакратарыята Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа, кіраўніцтвам рэгіянальнага аддзялення ЮНІСЕФ у Жэневе. Заўтра адбудзецца сустрэча з генеральным дырэктарам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. На бліжэйшы панядзелак назначана сустрэча з прэзідэнтам Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа", - пералічыў пастаянны прадстаўнік Беларусі.
Паводле яго слоў, такія сустрэчы даюць магчымасць даносіць беларускую пазіцыю да кіраўніцтва сакратарыятаў міжнародных арганізацый. "Мы выкарыстоўвалі апошнія мае сустрэчы з кіраўнікамі для перадачы палітычнага паслання ад міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ў адрас гэтых арганізацый і кіраўнікоў, - паведаміў Юрый Амбразевіч. - З боку кіраўніцтва сакратарыята міжнародных арганізацый у адрас Беларусі няма ніякіх прэтэнзій і абвінавачанняў у тым, што наша краіна парушае якія-небудзь нормы міжнароднага права, у тым ліку і наша нацыянальнае заканадаўства".
Ён адзначыў, што беларускі бок у апошнія гады заўсёды звяртае ўвагу міжнароднай супольнасці на першапрычыны вялікай колькасці бежанцаў, якія хочуць трапіць у Еўропу. Паводле даных на лістапад, у свеце налічваецца 84 млн прымусовых перасяленцаў, у тым ліку 26,5 млн бежанцаў. Асноўныя рэгіёны, адкуль бягуць грамадзяне, - Азія і Афрыка. Найбольш вострая фаза міграцыі пачалася ў 2015 годзе, калі Сірыю зноў ускалыхнуў узброены канфлікт, нагадаў пастаянны прадстаўнік Беларусі. Гэта паклала пачатак вядомаму міграцыйнаму крызісу ў Еўрапейскім рэгіёне. Толькі Германія з 2015 года прыняла больш за мільён бежанцаў. Гэтыя падзеі ўнеслі раскол у адносіны паміж дзяржавамі ЕС: не ўсе згадзіліся прымаць мігрантаў і прадастаўляць ім статус бежанцаў.
"На фоне бягучага парушэння Польшчай, Літвой і Латвіяй міжнароднага права ў сферы інстытута бежанства і права на прыстанішча іншыя дзяржавы ЕС прадаўжаюць на штодзённай аснове прымаць сотні, а ў некаторыя дні і тысячы бежанцаў. Таму пазіцыю чыноўнікаў Еўракамісіі ў Бруселі, калі яны, з аднаго боку, заклікаюць выконваць міжнародныя абавязкі ў сферы работы з бежанцамі, а з іншага боку, дэманструюць сваё адзінства з відавочнымі парушэннямі ў дзеяннях Польшчы, Літвы, Латвіі, як мінімум, можна назваць двудушнай", - заявіў Юрый Амбразевіч.