25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Вялікабрытанія адзначаюць неабходнасць процідзеяння праявам этнічнай і рэлігійнай нецярпімасці, расавай дыскрымінацыі, антысемітызму і ксенафобіі. Гэта тэма абмяркоўвалася на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея са спецыяльным прадстаўніком Злучанага Каралеўства па пытаннях наступстваў халакосту, членам Палаты лордаў Вялікабрытаніі Эрыкам Піклзам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
"Бакі адзначылі важнасць праводзімай у абедзвюх краінах работы па ўвекавечанні памяці загінулых у гады Другой сусветнай вайны. Падкрэслена неабходнасць глыбокага вывучэння гісторыі, аналізу і ацэнкі канкрэтных падзей, а таксама паслядоўных намаганняў краін і ўсёй сусветнай супольнасці па процідзеянні праявам этнічнай і рэлігійнай нецярпімасці, расавай дыскрымінацыі, антысемітызму і ксенафобіі", - падкрэслілі ў прэс-службе.
Кіраўнік МЗС таксама праінфармаваў субяседніка аб праведзеных у Мінску памятных мерапрыемствах, прымеркаваных да 75-й гадавіны знішчэння Мінскага гета. У прыватнасці, Уладзімір Макей паведаміў, што ў Міністэрстве замежных спраў адбыўся міжнародны тэматычны круглы стол.