12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і В'етнам правялі ў Ханоі чарговы раўнд кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Беларускую дэлегацыю на перагаворах узначаліў намеснік міністра замежных спраў Мікалай Барысевіч.
Падчас сустрэчы адбыўся абмен думкамі адносна ўсяго спектра пытанняў двухбаковага парадку дня, выказана гатоўнасць актывізаваць палітычныя кантакты, абмеркавана ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях. "Бакі дамовіліся аб правядзенні ў бліжэйшы час чарговага пасяджэння міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, адзначана неабходнасць далейшага ўмацавання міжрэгіянальных сувязей", - расказалі ў прэс-службе МЗС.
Беларускі бок перадаў прапановы па ўдасканаленні дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін. Акрамя таго, закраналася тэматыка сумеснай дзейнасці ў галіне адукацыі, навукі, культуры і турызму.
Бакі таксама дамовіліся правесці некалькі мерапрыемстваў, прысвечаных 30-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і В'етнамам.