15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Уругвай рыхтуюць пакет пагадненняў для актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, паведаміў 15 лістапада пасол Уругвая ў Расіі і Беларусі па сумяшчальніцтве Энрыке Хуан Дэльгада Хента на цырымоніі гашэння паштовых марак, выпушчаных да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы актыўна працуем над пагадненнем аб узаемнай абароне інвестыцый, а таксама над пагадненнем аб стварэнні сумеснай камісіі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Мы разлічваем надаць большую дынаміку кантактам прадпрымальніцкіх колаў нашых краін і тым самым павысіць узровень нашых адносін", - сказаў Энрыке Хуан Дэльгада Хента.
Акрамя таго, вядзецца работа над пагадненнямі аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні ў сферы сельскай гаспадаркі, дзе Беларусь і Уругвай дасягнулі прыкметных поспехаў. "Такім чынам, мы працуем над стварэннем добрай юрыдычнай базы нашых адносін, якая дасць магчымасць паспяхова рэалізоўваць двухбаковыя праекты", - дадаў пасол.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шэстакоў адзначыў, што Уругвай разглядаецца беларускім бокам як важны партнёр у МЕРКОСУР (агульны рынак краін Паўднёвай Амерыкі. - Заўвага БЕЛТА). "Беларусь і Уругвай за 25 гадоў прайшлі даволі сур'ёзны шлях трансфармацыі ад фармальнага ўсталявання дыпламатычных адносін, стварэння першаснай дагаворна-прававой базы да канкрэтнага ўзаемадзеяння - паміж міністэрствамі замежных спраў, гандлёва-эканамічнага. Сёння мы цалкам задаволены дынамікай нашых адносін і прадоўжым развіваць палітычнае, гандлёва-эканамічнае, гуманітарнае супрацоўніцтва", - сказаў Яўген Шэстакоў.