26 кастрычніка, Гомель /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь і Украіна заключылі пагадненне аб рэадмісіі. Цырымонія падпісання дакумента адбылася на I Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Подпісы пад пагадненнем паставілі міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч і кіраўнік Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны Максім Сакалюк.
У час форуму таксама былі заключаны двухбаковыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы фізічнай культуры і спорту, план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў.
Падпісанне дакументаў было прымеркавана да рабочага візіту Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў Беларусь.
Акрамя таго, у Гомелі сёння былі падпісаны дагаворы і пагадненні аб супрацоўніцтве паміж абласцямі дзвюх краін. Так, Брэсцкі аблвыканкам заключыў дагавор аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве з Ровенскай абласной дзяржаўнай адміністрацыяй і пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве з Запарожскай абласной дзяржаўнай адміністрацыяй. Таксама з Запарожскай вобласцю будзе супрацоўнічаць і Магілёўскі аблвыканкам.
Два дакументы з украінскімі рэгіёнамі падпісаў Мінскі аблвыканкам: пагадненне з Запарожскай аблдзяржадміністрацыяй і мемарандум з Кіеўскай аблдзяржадміністрацыяй. Кіраўнікі Гомеля і Дняпра паставілі подпісы пад пагадненнем аб дружбе і супрацоўніцтве.