23 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Туркменістан вызначылі новыя сумесныя праекты ў сферы транспарту і АПК, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў беларускай дыпмісіі ў Ашхабадзе.
Гэтыя пытанні ў ліку іншых разглядаліся на дзявятым пасяджэнні беларуска-туркменскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, якое адбылося ў Ашхабадзе. Дэлегацыю Беларусі ўзначальваў намеснік прэм'ер-міністра, старшыня беларускай часткі камісіі Ігар Ляшэнка.
У склад міжурадавай камісіі з беларускага боку ўваходзілі першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Туркменістане Алег Табанюхаў, намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Корчык, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло і іншыя прадстаўнікі міністэрстваў і галіновых ведамстваў, кіраўнікі вядучых прамысловых прадпрыемстваў Беларусі.
У час перагавораў былі дэталёва абмеркаваны пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Адзначана, што дзве дружалюбныя краіны паспяхова супрацоўнічаюць па розных напрамках на працягу многіх гадоў. Бакі разгледзелі магчымасці далейшага павелічэння тавараабароту, у прыватнасці, у галіне паставак беларускай тэхнікі, туркменскай тэкстыльнай прадукцыі, прадуктаў харчавання і іншых тавараў. Вызначаны прыярытэтныя напрамкі развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, намечаны новыя сумесныя праекты ў сферах транспарту, сельскай гаспадаркі, фармацэўтычнай галіны і інфармацыйных тэхналогій.