27 чэрвеня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Беларусь і Тайланд маюць патэнцыял для мнагакратнага павелічэння ўзаемнага тавараабароту, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага заканадаўчага сходу Тайланда Панпечам Вічытчалчаем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Аб'ём узаемнага гандлю паміж нашымі краінамі пакуль не вялікі, у 2015 годзе тавараабарот склаў крыху больш за $100 млн. Але гэта толькі пачатак. Ёсць патэнцыял яго мнагакратнага павелічэння ў бліжэйшыя некалькі гадоў. Сумесная рэалізацыя вялікіх праектаў - добрая магчымасць умацавання нашага супрацоўніцтва", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, Беларусь разглядае Тайланд у якасці важнага і перспектыўнага партнёра Паўднёва-Усходняй Азіі, уплывовай дзяржавы і аўтарытэтнага ўдзельніка міжнародных адносін, аднаго з лідараў краін АСЕАН. Актывізацыя кантактаў паміж нашымі дзяржавамі на ўсіх узроўнях фарміруе трывалую базу для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. "Беларусь і Тайланд маюць падабенства пазіцый па ключавых пытаннях міжнароднага парадку дня. Спадзяёмся на далейшую пазітыўную пазіцыю вашай краіны", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада.
Адносна напрамкаў сумеснай работы Андрэй Кабякоў перш за ўсё адзначыў гандлёвае супрацоўніцтва. "У гэтай сферы прапануем наладзіць сустрэчныя пастаўкі. Падтрымаем сумесныя праекты па пастаўках каўчуку і традыцыйнай сельскагаспадарчай прадукцыі на наш рынак", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Андрэй Кабякоў канстатаваў, што ў сферы машынабудавання Беларусь у ліку вядучых дзяржаў-вытворцаў. "Беларусь мае вопыт і ўнікальныя тэхналогіі. Мы гатовы пастаўляць у Тайланд увесь спектр прадукцыі машынабудавання. Прапрацоўваюцца пытанні паставак збожжаўборачных машын, вядуцца перагаворы аб пастаўцы кар'ернай тэхнікі БелАЗ, - адзначыў ён. - Мы таксама зацікаўлены актыўна прасоўваць на тайландскі рынак трактары МТЗ, сабраныя ў Камбоджы. З улікам планаў муніцыпалітэта горада Бангкока па абнаўленні парку пасажырскіх аўтобусаў мы гатовы пастаўляць сучасныя і надзейныя аўтобусы".
Таксама Андрэй Кабякоў расказаў, якія выгады ў супрацоўніцтве з Беларуссю. "Мы гатовы ў пакеце з таварнымі пастаўкамі прапаноўваць сучасныя фінансавыя механізмы, вельмі прывабныя ўмовы продажу беларускай тэхнікі. Гэта экспартнае крэдытаванне, пастаўкі тэхнікі на ўмовах міжнароднага лізінгу. Але мы бачым не толькі продаж, але і вытворчасць запатрабаванай тэхнікі ў вашай краіне. Пачатак такой работы пакладзены ўжо - Мінскі аўтамабільны завод вядзе такія перагаворы", - канстатаваў ён.
Яшчэ адзін важны напрамак - пастаўкі калійных угнаенняў. "Мы гатовы поўнасцю задаволіць патрэбнасці Тайланда, у тым ліку і ў рамках доўгатэрміновых узаемавыгадных кантрактаў. Пры вашай падтрымцы і ўдзеле мы хацелі б устанавіць трывалыя каналы камунікацый з тайландскімі партнёрамі для прасоўвання беларускай прадукцыі ў вашу краіну", - растлумачыў кіраўнік беларускага ўрада.
На яго думку, важным і эфектыўным інструментам развіцця адносін можа стаць стварэнне міжурадавай беларуска-тайландскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. "Мы прапануем паскорыць яе фарміраванне, каб пачаць прадметную прапрацоўку канкрэтных напрамкаў. Пры гэтым важна паскорыць работу над пагадненнем аб супрацоўніцтве ў галіне гандлю і эканомікі паміж Беларуссю і Тайландам, якое прадугледжвае стварэнне такой міжурадкамісіі", - сказаў Андрэй Кабякоў.
"У нас наперадзе актыўная работа. Спадзяёмся, што сумеснымі намаганнямі мы зможам забяспечыць выхад нашых адносін на новы якасны ўзровень", - рэзюмаваў прэм'ер-міністр.