23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Судан намячаюць шляхі развіцця палітычнага, эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага МЗС па выніках рабочай паездкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Судане па сумяшчальніцтве Сяргея Рачкова.
Сяргей Рачкоў напярэдадні правёў шэраг сустрэч у Судане. У тым ліку з міністрам замежных спраў Ібрагімам Гандурам, з якім абмеркаваў перспектывы актывізацыі беларуска-суданскага палітычнага дыялогу і ўдасканалення дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва, пашырэння ўзаемадзеяння Беларусі і Судана ў міжнародных арганізацыях.
На сустрэчы са спікерам Нацыянальнай Асамблеі Судана Ібрагімам Амерам абмяркоўваліся пытанні развіцця беларуска-суданскіх міжпарламенцкіх сувязей і ўдзелу парламентарыяў дзвюх краін у развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Суданам, у тым ліку ў сферах адукацыі, культуры і аховы здароўя.
Сяргей Рачкоў сустрэўся таксама з міністрам нафты і газу Судана, сустаршынёй беларуска-суданскай камісіі па супрацоўніцтве Махамедам Авадам. "Разгледжаны ход выканання рашэнняў камісіі і падрыхтоўкі яе чарговага пасяджэння", - праінфармавалі ў МЗС. Акрамя таго, у час рабочай паездкі пасол Беларусі абмеркаваў перспектывы беларуска-суданскага супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі і сельскагаспадарчага машынабудавання.