19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Славакія зацікаўлены ў актывізацыі супрацоўніцтва ў мытнай сферы. Гэта тэма абмяркоўвалася на сустрэчы старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Юрыя Сянько з віцэ-прэзідэнтам фінансавай адміністрацыі Славакіі Данай Мігер, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ДМК.
"У першую чаргу Юрый Сянько і Дана Мігер абмеркавалі асноўныя моманты ўзаемадзеяння мытных службаў Беларусі і Славакіі ў рамках рэалізацыі канцэпцыі "Эканамічны пояс Шаўковага шляху", у тым ліку ў сферы мытнага кантролю", - адзначылі ў прэс-службе ДМК. Таксама бакі закранулі пытанні ўзаемадзеяння праваахоўных падраздзяленняў мытных службаў абедзвюх краін на канале авіяцыйных перавозак.
Па выніках праведзенай сустрэчы бакі адзначылі дадатную дынаміку развіцця двухбаковых адносін Беларусі і Славакіі ў мытнай сферы, рэзюмавалі ў прэс-службе ДМК.