2 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Румынія 3 красавіка ў Мінску правядуць палітычныя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў. Аб гэтым паведаміў на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Бакі абмяркуюць пытанні беларуска-румынскага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай сферах. Акрамя таго, будуць разгледжаны перспектывы развіцця адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, уключаючы рэалізацыю ініцыятывы "Усходняе партнёрства". Размова пойдзе таксама аб узаемадзеянні ў рэгіянальных арганізацыях. Бакі таксама абмяняюцца меркаваннямі па актуальных праблемах міжнароднага парадку дня.
Паралельна пройдуць кансультацыі на ўзроўні кіраўнікоў дэпартаментаў па пытаннях шматбаковага супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях.