26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія падрыхтуюць пагадненне аб узаемным прызнанні віз да канца 2017 года, заявіў у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" тэлеканала "Беларусь 1" Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў, паведамляе БЕЛТА.
"Работаем над наступным этапам дакумента аб узаемным прызнанні віз, - адзначыў Аляксандр Сурыкаў. - Выдала Беларусь, умоўна кажучы, візу грамадзяніну Германіі, і яна аўтаматычна прызнаецца ў Расіі. Такім чынам, гэты грамадзянін трэцяй краіны можа без усялякіх пытанняў прыбыць на тэрыторыю Расіі і наадварот. Я так разумею, што да канца года гэта міжурадавае пагадненне будзе гатова".
Аляксандр Сурыкаў асабліва падкрэсліў, што граніца ў любым выпадку застанецца празрыстай для грамадзян Беларусі і Расіі. Ён таксама пракаменціраваў перавод авіярэйсаў з Беларусі ў міжнародныя тэрміналы расійскіх аэрапортаў з улікам увядзення Беларуссю пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін. Дыпламат лічыць, што рашэнне Расіі не з'яўляецца крокам назад у саюзным будаўніцтве. Адраджэнне тэрарызму ў свеце ў цяперашніх маштабах сведчыць аб неабходнасці ўлічваць такія рэаліі і змагацца з выклікамі і пагрозамі.
Як раней паведамлялася, з 15 мая ў Расіі ўсе рэйсы з унутраных тэрміналаў былі пераведзены ў міжнародныя сектары аэрапортаў. Таксама ажыццяўляецца пагранічны кантроль паветраных суднаў і пасажыраў.