27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарговы раўнд беларуска-расійскіх кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў па консульскіх пытаннях адбыўся ў Маскве 26-27 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення Ігар Фісенка, расійскую - дырэктар консульскага дэпартамента Яўген Іваноў. "Адзначана імкненне да далейшага прадметнага дыялогу, а таксама гатоўнасць да абмену інфармацыяй аб ходзе перагавораў дзвюх краін па спрашчэнні візавых працэдур з Еўрасаюзам", - сказалі ў МЗС Беларусі.
Акрамя таго, абмеркаваны пытанні рэалізацыі Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй 1995 года, Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах 1993 года. "Дэлегацыі з задавальненнем канстатавалі, што палажэнні Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй ад 24 студзеня 1995 года, іншых базавых дакументаў у цэлым выконваюцца", - адзначылі ў МЗС.
Па выніках перагавораў адбылося падпісанне пратакола, які замацоўвае дасягнутыя дамоўленасці. Наступнае пасяджэнне пройдзе ў 2016 годзе ў Мінску.