28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і пакістанская правінцыя Пенджаб выпрацуюць да канца года план па актывізацыі ўзаемадзеяння ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і ахове здароўя. Гэта пытанне абмяркоўвалася ў час рабочай паездкі пасла Беларусі ў Пакістане Андрэя Ермаловіча ў сталіцу правінцыі Пенджаб горад Лахор, паведамілі БЕЛТА ў беларускай дыпмісіі.
"На сустрэчы з галоўным міністрам правінцыі Пенджаб Сардарам Усманам Буздарам дасягнута дамоўленасць аб выпрацоўцы да канца бягучага года плана дзеянняў па актывізацыі ўзаемадзеяння ў галіне сельскай і лясной гаспадарак, прамысловасці, аховы здароўя і фармацэўтыкі", - гаворыцца ў паведамленні.
У час перагавораў пасла з губернатарам правінцыі Пенджаб Махамадам Сарварам разгледжаны пытанні ўдзелу беларускага боку ў рэалізацыі праекта стварэння ўніверсітэта прыкладных кваліфікацый у Пенджабе, абмену візітамі на ўзроўні кіраўнікоў рэгіёнаў абедзвюх краін, правядзення выставак і кантактна-кааперацыйных бірж.
Як адзначылі ў пасольстве, у ходзе рабочай паездкі Андрэя Ермаловіча перагаворы прайшлі з новым кіраўніцтвам правінцыі Пенджаб, якое сфарміравана па выніках праведзеных 25 ліпеня ўсеагульных парламенцкіх выбараў у Пакістане. Былі абмеркаваны пытанні развіцця міжрэгіянальнага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
Таксама адзначалася, што пагадненні аб супрацоўніцтве паміж правінцыяй Пенджаб і Магілёўскай вобласцю, правінцыяй Пенджаб і Мінскай вобласцю, а таксама паміж гарадамі Лахор і Магілёў, якія былі падпісаны ў час абмену візітамі на вышэйшым узроўні ў 2015-2016 гадах, стварылі неабходную базу для паўнацэннага ўзаемадзеяння паміж рэгіёнамі дзвюх краін.