23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка прапрацуюць пытанні стварэння сумесных прадпрыемстваў і спрашчэння візавага рэжыму. Такая дамоўленасць была дасягнута ў час чацвёртага пасяджэння беларуска-паўднёваафрыканскага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Мерапрыемства адбылося 22 сакавіка ў Прэторыі - сталіцы ПАР. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, паўднёваафрыканскую - намеснік міністра гандлю і прамысловасці Булелані Магуанішэ.
У час пасяджэння, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў гандлю, сельскай гаспадаркі, адукацыі, унутраных і замежных спраў дзвюх краін, разгледжаны шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Цэнтральная ўвага была ўдзелена ўмацаванню ўзаемнага гандлю і рэалізацыі сумесных эканамічных праектаў. Дасягнута дамоўленасць прапрацаваць пытанні стварэння ў ПАР сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці трактароў, грузавой і пасажырскай тэхнікі, перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.
Паўднёваафрыканскі бок праявіў высокі інтарэс да магчымасцей навучання ў Беларусі афрыканскай моладзі. Бакі згадзіліся з неабходнасцю спрашчэння візавага рэжыму паміж дзвюма краінамі.
Ключавыя дамоўленасці, дасягнутыя на пасяджэнні, замацаваны ў сумесным камюніке, падпісаным кіраўнікамі дэлегацый.