4 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і ПАР абмяркоўваюць магчымасць супрацоўніцтва ў спартыўнай сферы. Аб гэтым ішла размова ў час сустрэчы 3 лютага Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы Андрэя Молчана з кіраўніцтвам Паўднёваафрыканскай спартыўнай канфедэрацыі і алімпійскага камітэта (САСКОК) - генеральным сакратаром Тобіясам Рэдзі і членам праўлення САСКОК/членам Міжнароднага алімпійскага камітэта Сэмам Рамсамі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Прадстаўнікі САСКОК выказалі зацікаўленасць ва ўстанаўленні прамога супрацоўніцтва паміж Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі (НАК) і САСКОК. Адзначана, што цеснае ўзаемадзеянне Беларусі і ПАР у галіне спорту прынясе ўзаемную карысць і магло б паспяхова развівацца па шэрагу напрамкаў. Так, з улікам розных кліматычных і сезонных умоў перспектыўным з'яўляецца выкарыстанне атлетамі дзвюх краін для падрыхтоўкі да спаборніцтваў спартыўнай інфраструктуры Беларусі і ПАР, абмен вопытам і трэнерамі па розных спартыўных дысцыплінах.
Субяседнікі выказалі гатоўнасць удзельнічаць нацыянальнымі камандамі ў спартыўных мерапрыемствах, праводзімых на тэрыторыях дзвюх краін.
Падкрэслена, што важным аспектам двухбаковага спартыўнага супрацоўніцтва з'яўляецца канструктыўнае ўзаемадзеянне ў рамках Міжнароднага алімпійскага камітэта, Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў.
Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць прапрацаваць пытанне падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж НАК і САСКОК.