20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Пакістан плануюць абмяняцца візітамі на ўзроўні кіраўніцтва знешнепалітычных ведамстваў. Адпаведнае пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Дапкюнаса з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Пакістана ў Беларусі Лінай Салім Маазам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.
"Дыпламаты абмеркавали актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, у прыватнасці, абмен візітамі на ўзроўні кіраўніцтва знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Пакістана, развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўку чарговага пасяджэння сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве", - расказалі ў міністэрстве.
Асаблівая ўвага была ўдзелена важнасці актывізацыі ўзаемадзеяння па лініі профільных рабочых груп у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, навукі і адукацыі для істотнага нарошчвання тавараабароту паміж дзвюма краінамі і выхаду на новыя перспектыўныя гандлёва-эканамічныя праекты.
Напярэдадні святкавання 25-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Пакістанам (люты 2019 года), субяседнікі разгледзелі сумесныя крокі па арганізацыі шэрага беларуска-пакістанскіх мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце.