17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Інданезія зацікаўлены ў актывізацыі прамых кантактаў паміж дзелавымі коламі. Гэту тэму абмеркавалі 17 верасня ў Мінску намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас і старшыня двухбаковай парламенцкай групы дружбы Савета народных прадстаўнікоў Інданезіі Аданг Судраджат, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Бакі лічаць мэтазгодным актывізаваць прамыя кантакты паміж дзелавымі коламі дзвюх дзяржаў, у тым ліку шляхам выкарыстання магчымасцей супрацоўніцтва паміж гандлёва-прамысловымі палатамі. На перагаворах была таксама закранута тэма абмену візітамі на высокім узроўні і пытанне важнасці адкрыцця пасольства Інданезіі ў Беларусі.
Андрэй Дапкюнас і Аданг Судраджат падкрэслілі значны патэнцыял развіцця двухбаковых адносін і адзначылі гатоўнасць да актывізацыі палітычнага, гандлёвага і іншых напрамкаў узаемадзеяння, умацавання дагаворна-прававой базы міждзяржаўных адносін і традыцый супрацоўніцтва, а таксама ўзаемнай падтрымкі ў міжнародных арганізацыях.