23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця падпісалі пагадненне аб пазыцы на 100 млн еўра (праект "Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Беларусі"). Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.
Ад Беларусі пагадненне падпісаў міністр адукацыі Ігар Карпенка, ад Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця - выконваючы абавязкі дырэктара аддзела Беларусі, Малдовы і Украіны (рэгіён Еўропы і Цэнтральнай Азіі) Сусветнага банка, кіраўнік прадстаўніцтва СБ у Беларусі і Аляксандр Крэмер.
У адпаведнасці з пагадненнем, Беларусі ў 2020-2025 гадах будзе прадастаўлена пазыка ў памеры 100 млн еўра. Грошы пойдуць у тым ліку на стварэнне сучаснага вучэбна-адукацыйнага асяроддзя ў ВНУ, укараненне інавацыйных падыходаў, тэхналогій навучання і выкладання, а таксама пашырэнне пераўтварэнняў у сферы кіравання і забеспячэння якасці адукацыі.
Плануецца стварэнне на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта міждысцыплінарнага вучэбна-даследчага цэнтра, які ўключае 37 вучэбных лабараторый, 9 цэнтраў калектыўнага карыстання. У планах таксама мадэрнізацыя больш як 60 вучэбна-даследчых лабараторый, капітальны рамонт асобных вучэбных карпусоў ВНУ са стварэннем неабходнай інфраструктуры для запланаваных лабараторый і павышэннем энергаэфектыўнасці.
Як адзначыў Ігар Карпенка, гэта не першае пагадненне, якое рэалізуецца з МБРР. "Першы праект быў накіраваны на мадэрнізацыю сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Было рэалізавана два траншы дагавора. Гэта не толькі рамонт, рэканструкцыя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, але і закупка кабінетаў хіміі, біялогіі, фізікі, забеспячэнне якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Цяпер - другі праект, накіраваны на мадэрнізацыю сістэмы вышэйшай адукацыі. У ім будуць удзельнічаць 18 ВНУ (у тым ліку 10 рэгіянальных), падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, Міністэрству транспарту і камунікацый, Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама Міністэрству аховы здароўя. Але гэта не значыць, што іншыя ВНУ краіны не змогуць далучыцца да гэтага праекта, паколькі будуць створаны адукацыйная і навуковая інавацыйная інфраструктура, адпаведныя лабараторыі, цэнтры калектыўнага карыстання. Яны праз сеткавае ўзаемадзеянне могуць быць выкарыстаны для навучання студэнтаў іншых ВНУ, якія ў тым ліку знаходзяцца ў рэгіёнах", - сказаў ён.
"Рэалізацыя праекта дасць магчымасць сфарміраваць у беларускіх універсітэтах інтэграванае інавацыйнае асяроддзе навучання, якое забяспечвае падрыхтоўку канкурэнтаздольных спецыялістаў, арганізаваць навучанне па шэрагу перспектыўных спецыяльнасцей (біяінжынерыя, нанахімія, сінтэтычная і сістэмная біялогія, фармакалогія, біяінфарматыка, біямеханіка, феноміка, геноміка, пратэоміка, метабаломіка і інш.)", - адзначылі ў прэс-цэнтры Мінадукацыі. У Беларусі таксама чакаюць развіцця сеткавай формы ўзаемадзеяння, павышэння экспарту адукацыйных паслуг. Інфраструктура, што ствараецца, дасць магчымасць забяспечыць падтрымку рэалізацыі канцэпцыі "Універсітэт 3.0", правядзенне новых міждысцыплінарных навукаёмістых распрацовак, іх камерцыялізацыю, стварэнне на базе ВНУ інавацыйных кампаній і іх рэгістрацыю ў якасці рэзідэнтаў тэхнапаркаў. Праектам прадугледжана стварэнне Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі (на ўсіх узроўнях адукацыі).
"У бліжэйшы час у Беларусі можа з'явіцца прафесійная супольнасць экспертаў, якая будзе займацца забеспячэннем якасці адукацыі. Сёння мы прыцягваем да акрэдытацыі і атэстацыі ўстаноў адукацыі ў асноўным спецыялістаў з сумежных ВНУ. Тут павінна з'явіцца прафесійная супольнасць, якая будзе займацца толькі пытаннямі акрэдытацыі і атэстацыі, будзе прымаць удзел у міжнародных праектах. Мы павінны будзем гэта агенцтва зарэгістраваць у міжнародным маштабе. Будзем вывучаць вопыт бліжэйшых краін, адпаведна, будзем напрацоўваць той змест, які дазволіць нам павышаць якасць нашай адукацыі", - расказаў міністр.
Ігар Карпенка заявіў, што ўсё гэта будзе садзейнічаць таму, каб сістэма адукацыі рухалася наперад, развівалася з улікам рэалій сучаснага свету і заяўляла аб сабе і далей у міжнароднай супольнасці, у тым ліку з мэтай нарошчвання экспарту адукацыйных паслуг. "Сёння ў Беларусі каля 28 тыс. замежных студэнтаў вучацца на розных узроўнях адукацыі: вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, але разам з тым патэнцыял нашай краіны ў гэтым пытанні не вычарпаны. Мы маштабна нарошчваем экспарт адукацыйных паслуг і карэкціруем свае адукацыйныя стандарты, планы, праграмы, у тым ліку пад патрэбы нашай эканомікі і тых спажыўцоў адукацыйных паслуг, якія прыязджаюць да нас", - падкрэсліў ён.
Міністр дадаў, што цяпер пачынаюцца перагаворы з МБРР аб магчымасці рэалізацыі трэцяга праекта. "Ён будзе прадугледжваць мадэрнізацыю сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Гэта сістэма ў нас нядрэнна працуе. Мы ўступілі ў міжнародны рух у WorldSkills International, і гэта дае магчымасць нам аналізаваць тыя сучасныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца пры выкананні работ, асабліва на ўзроўні рабочых прафесій. І тут мы таксама хацелі б папрацаваць з МБРР, каб маштабна правесці мадэрнізацыю тых рэсурсных цэнтраў, тых устаноў адукацыі, якія сёння задзейнічаны ў падрыхтоўцы кадраў для нацыянальнай эканомікі. Гэта работа толькі пачынаецца. Цяпер будзе зроблены невялікі аналіз, а затым мы выйдзем на нейкія канкрэтныя прапановы. На працягу бягучага года гэтым пытаннем будзем сур'ёзна займацца", - рэзюмаваў Ігар Карпенка.