2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кыргызстан абмеркавалі аднаўленне рэгулярных рэйсаў паміж Мінскам і Бішкекам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта Мінск.
Адбыліся перагаворы дэлегацыі Кыргызстана на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Кыргызскай Рэспублікі ў Беларусі Эрмекам Султанавічам Ібраімавым з генеральным дырэктарам Нацыянальнага аэрапорта Мінск Вячаславам Харанекам.
Бакі абмеркавалі пытанні аднаўлення рэгулярных рэйсаў паміж Мінскам і Бішкекам, адзначылі значны патэнцыял прамых авіязносін для двухбаковых адносін. Асобная ўвага была ўдзелена адкрыццю новых магчымасцей для развіцця турызму (медыцынскага, гарналыжнага і іншых) і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі.
Прымаючы пад увагу ўзаемны інтарэс і перспектыўны характар авіяцыйнага супрацоўніцтва паміж Кыргызскай Рэспублікай і Беларуссю, бакі дамовіліся прадоўжыць актыўную работу і аказваць адзін аднаму неабходную падтрымку.