20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кітай зацікаўлены ў развіцці навуковага супрацоўніцтва. Аб гэтым ішла размова ў час Беларуска-кітайскага навукова-практычнага семінара "Экспертна-аналітычнае забеспячэнне навуковага і гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і КНР у кантэксце рэалізацыі праектаў ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях", які прайшоў у Інстытуце эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на сайце НАН, паведамляе БЕЛТА.
На семінары абмяркоўваліся такія пытанні, як экспертна-аналітычнае забеспячэнне беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, прыярытэты рэалізацыі нацыянальных стратэгій развіцця, шляхі спалучэння ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях" і стратэгіі развіцця знешняй палітыкі Беларусі, перспектывы паглыблення гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, напрамкі развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень".
У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 40 прадстаўнікоў навуковых арганізацый, універсітэтаў, органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычнага корпуса, СМІ, бізнес-супольнасці і экспертаў, зацікаўленых у развіцці беларуска-кітайскага навуковага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Спецыялісты з абедзвюх краін прадставілі тэматычныя даклады.
Падводзячы вынікі, дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі Валерый Бельскі і дырэктар Інстытута сусветнай эканомікі і палітыкі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук Чжан Юйянь адзначылі неабходнасць паглыблення далейшага навуковага супрацоўніцтва, імплементацыі новых форм узаемадзеяння і пашырэння пераліку сумесных праектаў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Інстытут эканомікі НАН Беларусі і Інстытут сусветнай эканомікі і палітыкі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук у адпаведнасці з пагадненнем аб навуковым супрацоўніцтве.
Інстытут эканомікі НАН Беларусі і Інстытут сусветнай эканомікі і палітыкі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук рэалізуюць сумесны навукова-даследчы праект па вывучэнні перспектыў функцыянавання і стратэгіі развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" у адпаведнасці з ініцыятывай "Адзін пояс і адзін шлях".