Фота МЗС
31 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас 30 жніўня сустэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымінам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
На сустрэчы субяседнікі абмеркавалі падрыхтоўку да двухбаковых візітаў на высокім узроўні і сумесныя мерапрыемствы Міністэрства замежных спраў Беларусі і пасольства КНР у Мінску. Намеснік міністра выказаў падзяку кіраўніку пасольства Кітая за асабістую ініцыятыву арганізацыі, а таксама якаснае і рэзультатыўнае правядзенне Акадэміяй Айбо Міністэрства камерцыі Кітая серыі семінараў у Пекіне і Шанхаі для дэлегацыі кіраўніцтва беларускіх дзяржаўных устаноў.
Група пад кіраўніцтвам Андрэя Дапкюнаса 20-29 жніўня наведала Пекін і Шанхай у мэтах удзелу ў семінары і вывучэння вопыту эканамічнага развіцця і сучасных рэформ Кітая. Семінар быў арганізаваны Міністэрствам камерцыі КНР. У Пекіне група абмеркавала пытанні рэгулявання фінансавага рынку і развіцця фінансавай сістэмы Кітая, азнаёмілася з сістэмай сацыяльнага забеспячэння. Адбылося таксама наведванне Шанхайскай свабоднай эканамічнай зоны для даследавання кітайскага вопыту ў сферы інвестыцый.