27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Кітая па тэматыцы шматбаковага супрацоўніцтва адбыліся ў Пекіне. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліў начальнік упраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Вадзім Пісарэвіч, кітайскую - намеснік дырэктара генеральнага дэпартамента міжнародных арганізацый і канферэнцый Шы Чжунцзюнь.
Бакі падкрэслілі стратэгічны характар, а таксама высокі і даверны ўзровень беларуска-кітайскіх адносін. У час кансультацый адбылося абмеркаванне ініцыятыў і прыярытэтаў дзвюх краін у ААН і арганізацыях яе сістэмы, пытанняў праваабарончай тэматыкі, выбараў у структуры ААН і парадку дня ААН у галіне развіцця на перыяд пасля 2015 года.
Дэлегацыі дамовіліся актыўна ўзаемадзейнічаць па ўсіх аспектах міжнароднага супрацоўніцтва.