14 жніўня, Астана /Кар. БЕЛТА/.
Беларусі і Казахстану неабходна вярнуць узаемны тавараабарот на ўзровень $1 млрд. Аб гэтым заявіў 13 жніўня прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, адкрываючы беларуска-казахстанскі бізнес-форум, які праходзіць у Астане ў рамках выстаўкі Made in Belarus. Astana, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА."Казахстан для Беларусі з'яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў, трэцім па аб'ёме тавараабароту сярод краін СНД. На жаль, у 2016 годзе тавараабарот паміж нашымі краінамі знізіўся да ўзроўню 2015-га на 27 працэнтаў, склаўшы $420 млн. Аднак даныя гандлю тварамі за шэсць месяцаў сведчаць аб тэндэнцыі аднаўлення аб'ёмаў двухбаковага тавараабароту, тэмп росту склаў амаль 180 працэнтаў. Нам неабходна прыкласці сумесныя намаганні па замацаванні гэтай пазітыўнай тэндэнцыі. Арыенцірам з'яўляюцца вынікі 2014 года, калі аб'ём узаемнага гандлю таварамі і паслугамі дасягнуў $1 млрд. Упэўнены, што і гэта лічба не з'яўляецца мяжой нашых магчымасцей", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што далейшае пашырэнне эканамічных адносін і іх канструктыўнае напаўненне з'яўляецца адной з важнейшых задач, якія стаяць перад дзвюма краінамі. "Лічу, што тут, у Астане, Беларусь не мае патрэбы ў асаблівым прадстаўленні. Правядзенне бізнес-форумаў з удзелам кіраўнікоў урадаў стала добрай традыцыяй у адносінах паміж нашымі краінамі і накіравана на ўсямернае выкарыстанне нашага ўзаемнага патэнцыялу. Нягледзячы на цяперашні няпросты час, які перажывае і Еўропа, і Азія, ды і ўвесь свет, мы павінны думаць аб жыцці нашых народаў у заўтрашнім дні. Галоўныя процівагі новым выклікам - фарміраванне ёмістага агульнага рынку і балансу інтарэсаў. Стварэнне сур'ёзных аб'яднальных саюзаў - верны крок да стабільнага міру. У сувязі з гэтым мы чакаем больш значнай для нашых дзяржаў і народаў аддачы ад дзейнасці ЕАЭС", - заявіў ён.
Андрэй Кабякоў растлумачыў, што новыя выклікі запатрабавалі прыняцця макра- і мікраэканамічных мер, якія прыносяць пазітыўны эфект. У 2017 годзе ў Беларусі адзначаны прырост ВУП, паскораны тэмпы прамысловай вытворчасці, забяспечана дадатнае сальда знешняга гандлю і паслугамі. Запаволенне ўзроўню інфляцыі і стабілізацыя валютнага рынку павысілі ўзровень даверу да беларускай нацыянальнай валюты. Акрамя таго, Беларусь пачала рэалізацыю новай для сябе экспартнай стратэгіі дыверсіфікацыі рынкаў.
Кіраўнік беларускага ўрада сказаў, што краіне ёсць што прапанаваць сваім партнёрам. Пры колькасці насельніцтва 0,1 працэнта ад сусветнай на Беларусь прыпадае 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў, 10 працэнтаў рынку трактароў і 7 працэнтаў рынку камбайнаў. Беларусь з'яўляецца трэцім у свеце экспарцёрам ільновалакна, па экспарце цукру, рапсавага алею, ялавічыны, малочнай прадукцыі ўваходзіць у першую дваццатку краін у свеце. "Казахстан таксама валодае сур'ёзным эканамічным патэнцыялам у самых розных галінах, сучаснымі вытворчасцямі, высокакваліфікаванымі кадрамі. У людзей ёсць імкненне ўдасканальваць сваё жыццё і жаданне працаваць. І гэта ўсяляе ў нас пэўны аптымізм і прадвызначае нашы перспектывы", - канстатаваў ён.
У беларуска-казахстанскім бізнес-форуме ўдзельнічаюць больш за 120 прадстаўнікоў розных беларускіх структур. На мерапрыемства прыбылі кіраўнікі буйнейшых прадпрыемстваў: МТЗ, МАЗ, "Амкадор", "Гомсельмаш", "Белшына", "Маладзечнамэбля", "Гродзенскі мясакамбінат", "Мінск Крышталь", "Камунарка". Форум праходзіць у рамках выстаўкі Made in Belarus. Astana. Сваю прадукцыю на выстаўцы прадстаўляюць 70 беларускіх прадпрыемстваў (66 з іх - вытворцы прадукцыі, а 4 прадстаўляюць сферу паслуг). Шырока прэзентавана прадукцыя прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у канцэрн "Белдзяржхарчпрам", прамысловы сектар прадстаўляюць флагманы машынабудавання, такія як МТЗ, МАЗ, "Амкадор", "Гомсельмаш".