1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч і старшыня Сената Парламента Казахстана Касым-Жамарт Такаеў падпісалі пратакол аб стварэнні падкамісій у інавацыйнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Афіцыйны візіт у Беларусь старшыні Сената Парламента Казахстана - гэта знакавая падзея ў нашых міжпарламенцкіх адносінах. Казахстан - наш стратэгічны партнёр. Мы вельмі цесна працуем у рамках двухбаковых адносін, на міжнародных пляцоўках і, безумоўна, задаём у пэўнай ступені тон у Еўразійскім эканамічным саюзе. Парламенцкія інструменты павінны быць запатрабаваны ў поўным аб'ёме для таго, каб актыўна садзейнічаць і эканамічнаму супрацоўніцтву дзвюх краін. Лічу, што дакумент, які мы сёння падпісалі, - гэта погляд у будучае", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Паводле яго слоў, традыцыйныя галіны і базісныя прадпрыемствы развіваюцца, але патрэбны прарыў. Тут упор трэба зрабіць на развіццё навукаёмістых вытворчасцей, дзе ствараецца высокая дабаўленая вартасць за кошт інтэлектуальных кампанентаў. "Вось на гэта настроены будуць нашы падкамісіі. Мы думаем, што ўжо ў бягучым годзе будуць сфарміраваны персанальныя склады, палажэнні аб падкамісіях для таго, каб актыўна ўключыцца ў гэту работу. Не падмяняючы ўрад, а аказваючы садзейнічанне цераз удасканаленне заканадаўства і, безумоўна, новых ініцыятыў, якіх вельмі шмат і ў Беларусі, і ў Казахстана", - адзначыў старшыня верхняй палаты.
Старшыня Сената Парламента Казахстана Касым-Жамарт Такаеў дадаў, што Беларусь дасягнула значных поспехаў у інавацыйнай сферы, і гэты вопыт цікавы Казахстану. "Мы на працягу двух дзён візіту даволі актыўна і інтэнсіўна працавалі, правялі перагаворы. Падпісаны дакумент мае вельмі вялікае значэнне. У дадатак да дзейнасці груп супрацоўніцтва ў парламентах дзяржаў ствараюцца падкамісіі, якія будуць займацца найбольш актуальнай праблематыкай - гэта інавацыйнае развіццё. Мы бачым сваю задачу ў тым, каб стымуляваць як урад, так і іншыя арганізацыі, уключаючы няўрадавыя, да цеснага ўзаемадзеяння менавіта ў гэтай сферы. Эканоміка Беларусі развіваецца ўстойлівымі тэмпамі, і Казахстан зацікаўлены ў тым, каб, з аднаго боку, вывучаць вопыт Беларусі, а з другога - узаемадзейнічаць у гэтай сферы", - сказаў ён.
Касым-Жамарт Такаеў падкрэсліў, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж краінамі актыўна развіваецца. "Прэзідэнтамі Беларусі і Казахстана пастаўлена задача давесці тавараабарот да $1 млрд - гэта цалкам дасягальна. А задача парламентаў, уключаючы верхнія палаты, у тым, каб стымуляваць дзейнасць выканаўчых органаў. Парламенты нашых краін актыўна ўзаемадзейнічаюць, дапамагаюць адзін аднаму і ў міжнародных арганізацыях. Мы атрымалі вялікае задавальненне, знаходзячыся на братэрскай беларускай зямлі. Мінск - гэта адна з найпрыгажэйшых сталіц еўрапейскай часткі свету, яе чысціня і парадак шмат аб чым сведчыць, у тым ліку аб нацыянальным характары беларусаў", - адзначыў ён.
У рамках афіцыйнага візіту ў Беларусь парламенцкай дэлегацыі Казахстана на чале са старшынёй Сената Касым-Жамартам Такаевым у Савеце Рэспублікі адбыліся перагаворы па шырокім спектры двухбаковых адносін - гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным, гуманітарным супрацоўніцтве. Асаблівая ўвага ўдзелена пытанням беларускай дыяспары за мяжой.
Старшыня верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч падзякаваў Касым-Жамарту Такаеву за ўвагу казахстанскага боку да беларусаў, якія жывуць у Казахстане. Ён адзначыў, што ў цэлым Савет Рэспубілкі ўдзяляе вялікае значэнне пытанню падтрымання сувязей з суайчыннікамі, якія пражываюць за межамі Беларусі. "Мы звяртаем на гэта ўвагу і нам неабыякава становішча нашых суайчыннікаў за мяжой. Мы пра іх помнім і адсочваем пытанні, якія іх хвалююць", - падкрэсліў ён.