23 красавіка, Тбілісі /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. У прысутнасці прэзідэнтаў Беларусі і Грузіі Аляксандра Лукашэнкі і Георгія Маргвелашвілі ў Тбілісі быў падпісаны пакет з 15 дакументаў, якія пашыраюць супрацоўніцтва дзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, па выніках беларуска-грузінскіх перагавораў на вышэйшым узроўні прэзідэнты падпісалі сумесную заяву.
Урады дзвюх краін заключылі пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне турызму, аховы інтэлектуальнай уласнасці, аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў на даходы і капітал, аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах і ў сферы барацьбы са злачыннасцю, аб рэадмісіі.
Міністэрствы замежных спраў Беларусі і Грузіі падпісалі пратакол аб супрацоўніцтве, міністэрствы юстыцыі - мемарандум аб узаемаразуменні.
Бакі падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя і медыцынскай навукі, у сферы адукацыі, а таксама паміж гандлёва-прамысловымі палатамі.
Мемарандум аб развіцці супрацоўніцтва падпісаны паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і Міністэрствам эканомікі і ўстойлівага развіцця, Міністэрствам сельскай гаспадаркі Грузіі. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падпісала дагаворы аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з Нацыянальнай акадэміяй навук і Акадэміяй сельскагаспадарчых навук Грузіі.