23 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Францыя абмеркавалі актывізацыю эканамічнага і палітычнага дыялогу, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Парыжы.
Гэтыя пытанні сярод іншых разглядаліся ў час візіту ў Францыю 20-22 мая намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі. Так, адбыліся сустрэчы намесніка міністра ў МЗС Францыі. У гутарцы з дзяржаўным сакратаром Жанам-Батыстам Лемуанам абмяркоўвалася эканамічнае супрацоўніцтва. Асаблівая ўвага была ўдзелена выкананню пратакола трэцяга пасяджэння сумеснай эканамічнай камісіі, сустаршынямі якой яны з'яўляюцца (пасяджэнне адбылося 26 кастрычніка ў Мінску). Акрамя таго, разгледжаны ход рэалізацыі ў Беларусі інвестпраектаў з удзелам французскіх кампаній і перспектывы пашырэння кантактаў паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў дзвюх краін. Алег Краўчанка і Жан-Батыст Лемуан абмяняліся думкамі па пытаннях міжнароднай палітыкі і рэгіянальнай бяспекі.
На перагаворах з намеснікам генеральнага дырэктара па палітычных пытаннях і бяспецы МЗС Эрыкам Данонам у цэнтры ўвагі былі перспектывы развіцця шматбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння Беларусі з Еўрапейскім саюзам, у тым ліку па лініі "Усходняга партнёрства", пытанні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.
Двухбаковае супрацоўніцтва падрабязна абмеркавана на беларуска-французскіх палітычных кансультацыях. На іх Алег Краўчанка з намеснікам дырэктара дэпартамента кантынентальнай Еўропы МЗС Францыі Нікаля дэ Лакостам таксама ўзгаднілі крокі, накіраваныя на актывізацыю дыялогу ў галіне палітыкі, культуры і адукацыі.
Алег Краўчанка правёў сумесную сустрэчу з дэлегацыямі міністэрстваў замежных спраў Германіі і Францыі, на якой разгледжаны перспектывы развіцця трохбаковага ўзаемадзеяння, дыялогу па лініі Беларусь-ЕС, бягучая сітуацыя ў рэгіёне, а таксама найбольш актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня. Французскую дэлегацыю ўзначальваў Нікаля дэ Лакост, германскую - упаўнаважаны МЗС ФРГ па краінах Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі Міхаэль Зіберт.
У час сустрэчы Алега Краўчанкі з дырэктарам дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства ўзброеных сіл Францыі Аліс Гітон закрануты тэмы беларуска-французскага супрацоўніцтва ў галіне міжнароднай бяспекі.
Акрамя таго, у Французскім інстытуце міжнародных адносін (ІФРІ) было арганізавана аналітычнае мерапрыемства па Беларусі. ІФРІ з'яўляецца адным з вядучых у свеце незалежных цэнтраў даследаванняў і грамадскіх дэбатаў у галіне актуальных міжнародных пытанняў і глабальнага кіравання. На семінары Алег Краўчанка падрабязна прадставіў інфармацыю пра Беларусь, прыярытэты яе знешняй і ўнутранай палітыкі, у тым ліку ў кантэксце геапалітычных працэсаў, а таксама ролі нашай краіны ва ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі МЗС, Мінабароны і парламента Францыі, аналітычных, экспертных і дзелавых колаў, вядучых французскіх СМІ.
Сітуацыя ў Еўрапейскім рэгіёне і міжнародныя адносіны Беларусі з вядучымі партнёрамі абмеркаваны на сустрэчы намесніка міністра замежных спраў з дырэктарам ІФРІ Т.Гамарам.