30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Фінляндыя зацікаўлены нарошчваць парламенцкае супрацоўніцтва. Аб гэтым сёння ішла размова на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча з дэлегацыяй парламента Фінляндыі на чале са старшынёй групы дружбы з Беларуссю, членам фракцыі Нацыянальнай кааліцыйнай партыі Віле Рудманам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Спікер канстатаваў, што да гэтага часу міжпарламенцкія кантакты дзвюх краін былі не вельмі актыўнымі. "Цяпер трэба дабаўляць у рабоце, каб узровень парламенцкага супрацоўніцтва быў не ніжэйшы, а нават, можа, вышэйшы, чым у камерцыйных кантактаў", - лічыць ён.
Міхаіл Мясніковіч прапанаваў таксама прааналізаваць дагаворна-прававую базу. "Яна можа быць больш поўнай", - перакананы старшыня Савета Рэспублікі. Добрым інструментам для такой работы ён назваў парламенцкія групы дружбы.
На думку спікера, парламентарыям неабходна ўдзяліць увагу пытанням міжнароднага, рэгіянальнага супрацоўніцтва. Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускі бок адкрыты для абмеркавання любых іншых напрамкаў узаемадзеяння, якія могуць зацікавіць партнёраў з Фінляндыі.
У сваю чаргу Віле Рудман адзначыў, што адносіны Беларусі і Фінляндыі будуюцца на добрай прагматычнай аснове. Ён нагадаў аб даволі актыўных палітычных кантактах, дынамічным развіцці ўзаемнага гандлю, асабліва на ўзроўні малога і сярэдняга бізнесу.
Парламенцкая дэлегацыя Фінляндыі прыбыла ў Беларусь 29 жніўня. Праграмай візіту, які прадоўжыцца да 1 верасня, прадугледжаны таксама сустрэчы з кіраўніцтвам МЗС, Мінпрыроды, ПВТ. Сёння ў Савеце Рэспублікі з фінскімі парламентарыямі сустрэнецца рабочая група Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтве з парламентам Фінляндыі.
У студзені-чэрвені беларуска-фінскі тавараабарот склаў больш як $65 млн, або 111,9 працэнта да аналагічнага перыяду 2017 года. На пачатак гэтага года ў Беларусі зарэгістравана 24 арганізацыі, створаныя з удзелам фінляндскага капіталу, у тым ліку сем сумесных.