1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Еўрапейскі саюз (ЕС) выступаюць за захаванне плана па ўмацаванні рэгіянальнай і глабальнай бяспекі і стабільнасці. Аб гэтым 31 мая ішла размова на сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Дапкюнаса з кіраўнікамі дыпламатычных місій краін - членаў Еўрапейскага саюза ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
У сустрэчы ў Мінску прынялі ўдзел надзвычайныя і паўнамоцныя паслы Вялікабрытаніі Фіёна Гіб і Германіі Петэр Дэтмар, часовы павераны ў справах ЕС у Беларусі Джым Казенс і першы саветнік пасольства Францыі Эльза Піньёль.
Еўрапейскія дыпламаты прадставілі інфармацыю аб пазіцыі ЕС па сітуацыі, якая склалася вакол ажыццяўлення сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў па іранскай ядзернай праграме. Субяседнікі выказалі агульную заклапочанасць рашэннем адміністрацыі Злучаных Штатаў Амерыкі выйсці з пагаднення, аднавіць і ўвесці яшчэ больш жорсткі санкцыйны рэжым адносна Ірана.
Удзельнікі сустрэчы адзначылі супадзенне пазіцый Беларусі і Еўрапейскага саюза ў ацэнцы важнасці захавання сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў як важнага інструменту ўмацавання рэгіянальнай і глабальнай бяспекі і стабільнасці.