7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па выніках перагавораў прэзідэнтаў Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі Аляксандра Лукашэнкі і Тэадора Абіянга Нгемы Мбасога падпісаны шэраг міжнародных дакументаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сярод іх - міжурадавыя рамачнае пагадненне аб эканамічным, гандлёвым, культурным, навуковым і тэхнічным супрацоўніцтве, пагадненне аб бязвізавых паездках для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў. Падпісаны таксама пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы аховы здароўя і ў галіне адукацыі, мемарандум аб узаемаразуменні паміж профільнымі ведамствамі дзвюх краін па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі.
Акрамя таго, пагадненне заключылі Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры, рамёстваў і турызму Экватарыяльнай Гвінеі.
"Сёння зроблены добры зачын на будучае, - ацаніў праведзеную работу кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы вызначылі перспектыўныя сферы і напрамкі развіцця партнёрства. Узгаднілі практычныя крокі па рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей, дамовіліся аб абменах візітамі, абазначылі асновы дагаворна-прававой базы, стварылі сумесную камісію па эканамічным супрацоўніцтве".
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да ўдзельнікаў цырымоніі падпісання, каб яны не зацягвалі з рэалізацыяй дасягнутых дамоўленасцей.