27 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Эквадор падпісалі міжурадавае пагадненне аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы і маёмасць. Падпісанне дакумента адбылося сёння ў МЗС Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З беларускага боку подпісы пад дакументам паставіў міністр па падатках і зборах Беларусі Сяргей Налівайка, з эквадорскага - Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эквадора ў Беларусі Карлас Ларэа Давіла.
Пасол Эквадора, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА па выніках падпісання дакумента, падкрэсліў выключную важнасць гэтага пагаднення для далейшага паляпшэння беларуска-эквадорскіх адносін. Ён сказаў, што дакумент будзе садзейнічаць прыцягненню замежных інвестыцый, якія ў тым ліку павінны ўключаць элемент перадачы тэхналогій.
"Гэта значыць, што нашы краіны адкрыты для прыцягнення замежных інвестыцый. Упэўненасць у гэтым дае надзейная нарматыўна-прававая база паміж Беларуссю і Эквадорам", - лічыць Карлас Ларэа Давіла. На яго думку, падпісаны дакумент забяспечвае транспарэнтнасць.