1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Чэхія зацікаўлены ў павелічэнні колькасці праектаў у сферы энергетыкі з мэтай далейшага выхаду з сумесным прадуктам на рынкі трэціх краін. Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні беларуска-чэшскай рабочай групы па супрацоўніцтве ў галіне энергетыкі, якое праходзіць у Празе з 29 лістапада па 1 снежня. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства энергетыкі, паведамляе БЕЛТА.
На пасяджэнні абмяркоўваліся магчымыя варыянты актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, у тым ліку ў гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным напрамках. Удзельнікі прадставілі кароткія прэзентацыі сваіх кампаній, акрэсліўшы ключавыя інтарэсы і сферы дзейнасці, абмяняліся думкамі па пытаннях мадэрнізацыі энергетычных аб'ектаў, энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі.
Бакі выказалі зацікаўленасць у павелічэнні колькасці двухбаковых праектаў з мэтай далейшага выхаду з сумесным прадуктам на рынкі трэціх краін. Пры гэтым было адзначана наяўнасць патэнцыялу для далейшага пашырэння ўзаемавыгадных сувязей па шэрагу перспектыўных напрамкаў. Дасягнутыя на пасяджэнні дамоўленасці знайшлі адлюстраванне ў падагульняючым пратаколе, які падпісаны сустаршынямі рабочай групы.
Сярод найбольш значных праектаў Беларусі і Чэхіі ў сферы энергетыкі - удзел чэшскай кампаніі Mavel у рэалізацыі шэрага гідраэнергетычных праектаў беларускай энергасістэмы (Полацкая ГЭС, Гродзенская ГЭС), рэалізацыя праекта па будаўніцтве цэха па перапрацоўцы торфу і вытворчасці тарфяных субстратаў на плошчах ААТ "Торфапрадпрыемства Глінка" разам з чэшскай кампаніяй "Рашэліна".
У перагаворах і рабочых сустрэчах прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства энергетыкі Беларусі, ДВА "Белпалівагаз", ДВА "Белэнерга", канцэрна "Белнафтахім", ААТ "Навагрудскі завод газавай апаратуры", ААТ ""Белгазбуд", ААТ "Белтрубаправодбуд".
Беларуска-чэшская рабочая група па супрацоўніцтве ў галіне энергетыкі створана ў 2009 годзе. У час пасяджэнняў групы разглядаюцца актуальныя пытанні ўзаемадзеяння ў энергетычнай сферы, у тым ліку газіфікацыі прыродным і звадкаваным газам, гідраэнергетыкі, тарфяной прамысловасці, а таксама транспарціроўкі і захоўвання газу. Штогод праводзіцца па два пасяджэнні.