13 сакавіка Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-чэшскія кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў прайшлі ў Празе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Беларускую дэлегацыю на кансультацыях узначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, чэшскую - намеснік міністра замежных спраў Якуб Дзюр.
Бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у актывізацыі кантактаў на ўзроўні знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін і ўзгаднілі далейшыя практычныя крокі па іх развіцці, абмеркавалі стан і перспектывы беларуска-чэшскіх адносін у палітычнай, гандлёва-эканамічнай сферах, узаемадзеянне ў рамках міжнародных арганізацый.
У цэнтры ўвагі былі і пытанні гуманітарнага супрацоўніцтва, сітуацыя ў рэгіёне.
Найбольш актуальныя тэмы двухбаковага парадку дня ўзнімаліся таксама на сустрэчы кіраўніка беларускай дэлегацыі з намеснікам прэм'ер-міністра, міністрам замежных спраў Чэхіі Марцінам Страпніцкім.