19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Анлайн-канферэнцыя высокага ўзроўню "Выкарыстанне патэнцыялу міжрэгіянальнай інтэграцыі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця", арганізатарамі якой з'яўляюцца Беларусь, Барбадас і Канферэнцыя ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), адбудзецца 20 мая. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Канферэнцыя праводзіцца ў развіццё ініцыятывы па "інтэграцыі інтэграцый", вылучанай Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта аб'яднальная канцэпцыя прадугледжвае ўмацаванне ўзаемавыгаднага гарызантальнага супрацоўніцтва паміж рэгіянальнымі міждзяржаўнымі эканамічнымі саюзамі і аб'яднаннямі.
Развіццё супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі свету дасць магчымасць знізіць міждзяржаўную канфрантацыю, пазбегнуць з'яўлення новых раздзяляльных ліній і прымянення нелегітымных аднабаковых мер. Рэгіянальныя саюзы змогуць абменьвацца вопытам па вырашэнні актуальных эканамічных і сацыяльных праблем, выкарыстоўваць перадавую практыку адзін аднаго, дамаўляцца аб рэалізацыі сумесных праектаў. Дыялог у гэтай галіне будзе садзейнічаць больш узгодненай эканамічнай палітыцы дзяржаў і іх аб'яднанняў, што ў канчатковым выніку паслужыць выкананню Мэт устойлівага развіцця і павышэнню ўсеагульнага дабрабыту.
На беларускую ініцыятыву адгукнуліся сябры і партнёры з усіх канцоў зямнога шара - з Еўропы, Азіі, Афрыкі і Амерыкі.
У час адкрыцця канферэнцыі выступяць міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, міністр замежных спраў і знешняга гандлю Барбадаса Джэром Уолкат і міністр замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў.
У канферэнцыі таксама прымуць удзел генеральны дырэктар Аддзялення ААН у Жэневе Таццяна Валавая, генеральны дырэктар СГА Нгозі Аконджа-Івеяла, старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч, генеральны сакратар ЕАСГ Анры Жэта, генеральны сакратар АСЕАН Дата Лім Джок Хой, в.а. генеральнага сакратара ЮНКТАД Ізабель Дзюран, генеральны дырэктар САІУ Дарэн Тан, выканаўчыя сакратары ўсіх пяці рэгіянальных эканамічных камісій ААН (ЕЭК ААН, ЭКА, ЭСКАЦА, ЭКЛАК, ЭКСЗА), прадстаўнікі высокага ўзроўню з Аргентыны, Андскага супольніцтва нацый, Карыбскай садружнасці.
Мерапрыемства будзе мець статус падрыхтоўчага мерапрыемства 15-й Міністэрскай канферэнцыі ЮНКТАД, яго вынікі будуць выкарыстаны ў перагаворах па выпрацоўцы мандата ЮНКТАД на новы чатырохгадовы перыяд. Чакаецца, што канферэнцыя высокага ўзроўню будзе садзейнічаць запуску шматбаковага дыялогу, які атрымае далейшае развіццё не толькі на 15-й Міністэрскай канферэнцыі ЮНКТАД, але і на сесіях Генеральнай асамблеі ААН, на 7-м Сусветным інвестыцыйным форуме і іншых пляцоўках.
Віртуальным удзельнікам канферэнцыі можа стаць кожны: дастаткова зайсці на канал МЗС Беларусі ў YouTube, дзе будзе весціся прамая трансляцыя: @BelarusMFA (https://www.youtube.com/channel/UC1wREjavwTctQq71LcUfbVQ).