2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і ААЭ абмеркавалі пытанні спрашчэння парадку ўзаемных паездак грамадзян дзвюх краін, паведамілі ў МЗС.
Другі раўнд кансультацый паміж Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў па консульскіх пытаннях 1 чэрвеня адбыўся ў Абу-Дабі. Беларускую дэлегацыю на кансультацыях узначаліў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Ігар Фісенка, эмірацкую - памочнік намесніка сакратара МЗС па консульскіх пытаннях Ахмад Саеед Аль-Тахер.
Бакі абмеркавалі пытанні спрашчэння парадку ўзаемных паездак, абароны грамадзян, якія трапілі ў экстрэмальныя сітуацыі, выдачы асуджаных, аказання прававой дапамогі і іншыя пытанні, што ўяўляюць узаемны інтарэс. Удзельнікі кансультацый таксама абмяняліся думкамі аб прыярытэтах у візавай і міграцыйнай палітыцы дзвюх краін.