18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Куба, нягледзячы на складанасці, нарошчваюць палітычныя кантакты, а таксама павялічваюць абмен таварамі і паслугамі. Гэта адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Куба Валерый Бараноўскі ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Prensa Latina з нагоды 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма дзяржавамі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламат падкрэсліў, што пандэмія COVID-19 паўплывала на тавараабарот паміж дзвюма краінамі, аднак у 2021 годзе сітуацыя крыху палепшылася. Так, у мінулым годзе тавараабарот больш як у тры разы перавысіў аналагічны паказчык 2020 года. Пры гэтым Беларусь паставіла на кубінскі рынак каля 300 трактароў, павялічыўся абарот паслуг.
Валерый Бараноўскі расказаў аб намаганнях, накіраваных на вырашэнне лагістычных складанасцей па ўзаемнай транспарціроўцы тавараў, а таксама паведаміў аб рабоце па павелічэнні прысутнасці беларускіх і кубінскіх тавараў на рынках абедзвюх краін.
Пасол высока ацаніў узровень двухбаковага палітычнага дыялогу, наладжанага паміж краінамі на самых высокіх узроўнях, узаемную падтрымку дружалюбных дзяржаў на міжнародных пляцоўках. "Беларусь і Куба змогуць паспяхова процістаяць любым знешнім пагрозам на карысць працвітання двух братэрскіх народаў. Упэўнены, што нас нішто не саб'е з дарогі", - сказаў Валерый Бараноўскі.
Хоць афіцыйна дыпламатычным адносінам паміж Беларуссю і Кубай споўнілася 30 гадоў, аднак двухбаковыя адносіны ўзніклі яшчэ да 1992 года і развіваліся ў рамках былога Савецкага Саюза. Валерый Бараноўскі нагадаў, што ў 1962 годзе першыя кубінцы прыбылі ў Беларусь для навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пасол таксама сказаў, што вялікі рэзананс меў візіт у Беларусь кубінскай дэлегацыі на чале з тагачасным лідарам Фідэлем Кастра ў 1972 годзе. У 1976 годзе генерал арміі Рауль Кастра прыбыў з візітам у Беларусь, а праз два гады востраў наведаў першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Пётр Машэраў, які быў узнагароджаны кубінскім юбілейным медалём.
Пазней пачалося інтэнсіўнае вывучэнне іспанскай мовы ў БССР і адкрылася кубінскае гандлёвае прадстаўніцтва ў Мінску. Пасля распаду Савецкага Саюза Беларусь узяла курс на фарміраванне і развіццё шматвектарнай знешняй палітыкі, што прадугледжвала і развіццё дыялогу з Кубай. "У многім дзякуючы Кубе Беларусь стала адзінай еўрапейскай краінай, прынятай у склад Руху недалучэння, а таксама атрымала статус краіны - наглядальніка ў Асацыяцыі карыбскіх дзяржаў і ў Лацінаамерыканскім парламенце", - удакладніў Валерый Бараноўскі.
З нагоды 30-годдзя ўстанаўлення беларуска-кубінскіх дыпламатычных адносін Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншавальнае пасланне свайму кубінскаму калегу Мігелю Дыясу-Канелю. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў важнасць умацавання двухбаковых сувязей у тым ліку для процідзеяння глабальным пагрозам.
Акрамя таго, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кубы ў Мінску Хуан Вальдэс Фігероа перадаў віншавальнае пасланне Мігеля Дыяса-Канеля ў адрас Прэзідэнта Беларусі з нагоды юбілею беларуска-кубінскіх дыпламатычных адносін.