31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дзяржорганы прадаўжаюць аказваць грамадзянам разнапланавае садзейнічанне пры вяртанні на радзіму. Падрабязнасцямі гэтай работы Міністэрства замежных спраў падзялілася на сваёй старонцы ў Facebook, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Работа вядзецца ў цесным кантакце з замежнымі партнёрамі, перш за ўсё з расійскім бокам, па пералёце з краін далёкага замежжа. У гэту дзейнасць уключаны ўсе зацікаўленыя дзяржорганы Беларусі і нацыянальны авіяперавозчык "Белавія". Нягледзячы на складаную сітуацыю і звужэнне магчымасцей, на сённяшні дзень дапамога ў розных фарматах аказана ўжо больш як 5,1 тыс. грамадзян нашай краіны", - расказалі ў МЗС.
Паводле інфармацыі ведамства, пры актыўнай уключанасці Міністэрства спорту і турызму, турыстычных кампаній і аператараў, "Белавія" на сённяшні дзень паспяхова завершана асноўная работа па вяртанні беларусаў з Егіпта.
На радзіму паспяхова вылецелі з Мальдываў усе заяўленыя грамадзяне Беларусі. 28 сакавіка рэйс "Белавія" даставіў у Мінск з Барселоны 23 беларусаў, а 29 сакавіка было аказана садзейнічанне пяці грамадзянам у вяртанні ў Беларусь з Румыніі, пяці - са Шры-Ланкі, 21 - з Інданезіі.
"Расійскім бокам прынята рашэнне і пацверджана гатоўнасць забіраць на свае эвакуацыйныя рэйсы грамадзян Беларусі пры наяўнасці магчымасці. Работа ў гэтым напрамку актыўна вядзецца. У кантакце знаходзяцца міністэрствы замежных спраў, у тым ліку па лініі пасольстваў дзвюх краін, а таксама беларускія і расійскія загранустановы ў адпаведных краінах", - заявілі ў МЗС.
У міністэрстве нагадалі, што па рашэнні расійскага ўрада 30 сакавіка поўнасцю закрываецца дзяржаўная граніца і абмяжоўваецца рух праз аўтамабільныя, чыгуначныя, пешаходныя, рачныя і змешаныя пункты пропуску, а таксама праз сухапутны ўчастак беларуска-расійскай граніцы. Паветраны транзіт праз аэрапорты Дамадзедава і Шарамецева ажыццяўляецца ў ранейшым рэжыме, звярнулі ўвагу ў ведамстве. "Белавія" прадаўжае выконваць рэйсы ў вышэйназваныя аэрапорты (чатыры і два штодзённыя рэйсы адпаведна).
Працуе ўзгоднены з расійскім бокам алгарытм наземнага трансферу з аэрапорта Унукава. За 27-29 сакавіка з Унукава ў Дамадзедава і Шарамецева транспартам пасольства Беларусі ў суправаджэнні ДІБДР Расіі дастаўлены больш за 70 беларускіх грамадзян, якія раней прыбылі ў Маскву з розных краін свету. Прыбыццё таксама чакаецца сёння і ў наступныя дні.
"Найбольш вострай застаецца сітуацыя па Індыі (у тым ліку Гоа), Шры-Ланцы, В'етнаме і Тайландзе", - дадалі ў МЗС.
У ведамстве звярнулі ўвагу, што па 16 красавіка ўключна ў ПАР аб'яўлена надзвычайнае становішча, у краіне абмежавана свабода перамяшчэння грамадзян. Іншаземцам прадпісана заставацца ў атэлі на 14-дзённым каранціне. З 30 сакавіка па 19 красавіка надзвычайнае становішча ўведзена таксама ў Зімбабвэ. Яно мае на мэце рэжым поўнай ізаляцыі.