1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў ходзе візіту на Кубу падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве з партнёрамі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.
Так, Акадэмія навук падпісала мемарандумы аб узаемаразуменні з Міністэрствам сельскай гаспадаркі Кубы і Міністэрствам харчовай прамысловасці Кубы. Адбылося падпісанне пагаднення аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі і кампаніяй Cuba Ron S.А. у галіне выкарыстання адходаў вытворчасці рому ў тэхналогіі кармлення сельскагаспадарчых жывёл.
Акрамя таго, заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці і кубінскай кампаніяй Labiofam. Плённым стала знаёмства з работай Навукова-даследчага інстытута харчовай прамысловасці. Пагадненні аб супрацоўніцтве з ім падпісалі Інстытут мяса-малочнай прамысловасці НАН і НПЦ НАН Беларусі па харчаванні.
Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі выступіў з дакладам на міжнароднай канферэнцыі "Макрапраграма па навуцы, тэхналогіях і інавацыях Нацыянальнага плана па сацыяльна-эканамічным развіцці Кубы да 2030 года: яе роля ў кіраванні навукай, тэхналогіямі і інавацыямі". Таксама ён выступіў з дакладам "Стратэгія развіцця аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь: навуковае забеспячэнне і механізмы рэалізацыі" перад кіраўнікамі арганізацый і службовымі асобамі аграрнай і харчовай сферы Кубы.