28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка выступіць на пленарным пасяджэнні IV Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў, якая пройдзе ў Нью-Ёрку з 31 жніўня па 2 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
Таксама спікер правядзе на канферэнцыі шэраг двухбаковых сустрэч.
Удзел старшыні Палаты прадстаўнікоў у гэтым форуме абмяркоўваўся сёння на яго сустрэчы з пастаянным каардынатарам ААН - пастаянным прадстаўніком ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Санакам Самарасінха. Таксама адбыўся абмен меркаваннямі аб стане і перспектывах развіцця супрацоўніцтва Палаты прадстаўнікоў з установамі сістэмы ААН у Беларусі.
IV Сусветная канферэнцыя спікераў парламентаў збярэ кіраўнікоў парламентаў з больш як 140 дзяржаў. Будзе абмяркоўвацца шырокае кола праблем глабальнага значэння. Такія форумы праходзяць раз у пяць гадоў. Яго арганізатарам выступае Міжпарламенцкі саюз - міжнародная арганізацыя, работа якой прадугледжвае каардынацыю дзеянняў парламентаў ва ўсім свеце.