29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка сёння на сустрэчы са старшынёй Нацыянальнай асамблеі Судана Ібрагімам Ахмедам Амерам адзначыў, што разлічвае на рэалізацыю буйных сумесных праектаў паміж дзвюма краінамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу, што для суданскай дэлегацыі падрыхтавана насычаная праграма. "Вы зможаце дэталёва азнаёміцца з Беларуссю, пабываць на прадпрыемствах, паглядзець і вывучыць прадукцыю, якую выпускаем. Наша мэта - не толькі продаж, пастаўкі гэтай прадукцыі на рынкі іншых дзяржаў, - адзначыў спікер. - Хацелася б, вядома, каб у час правядзення перагавораў, наведвання нашых прадпрыемстваў мы не толькі выпрацоўвалі пажаданні, выказвалі намеры аб супрацоўніцтве, а каб усё ж такі дамовіліся, магчыма, аб рэалізацыі нейкіх буйных праектаў. Мы ў гэтым зацікаўлены".
Уладзімір Андрэйчанка растлумачыў, што размова ідзе ў тым ліку аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў, зборачных вытворчасцей на тэрыторыі Судана. "І ў першую чаргу мы гаворым аб тэхніцы, якая запатрабавана на рынку вашай дзяржавы, якая сябе добра зарэкамендавала. Гэта нашы трактары, сельскагаспадарчая тэхніка, аўтамабілебудаванне, правядзенне геолагаразведачных работ, супрацоўніцтва ў галіне водазабеспячэння, водаадвядзення", - расказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў. Пры гэтым асаблівае месца, паводле яго слоў, павінна займаць развіццё кантактаў у галіне медыцыны, адукацыі і культуры.
Усе важныя пытанні супрацоўніцтва выкладзены ў дарожнай карце, якая ўжо распрацавана і перададзена на разгляд суданскаму боку. Уладзімір Андрэйчанка спадзяецца, што цяперашні візіт пасадзейнічае больш хуткаму падпісанню гэтай дарожнай карты і пачатку рэалізацыі больш эфектыўнага супрацоўніцтва.
У прыватнасці, старшыня Палаты прадстаўнікоў лічыць, што было б нядрэнна правесці бізнес-форум на тэрыторыі Беларусі або Судана, арганізаваць перагаворы з дзелавымі коламі, бізнес-супольнасцю і абмеркаваць пытанні, якія закладзены ў дарожную карту. Ён таксама адзначыў неадпаведнасць тавараабароту дзвюх краін іх патэнцыялу ў гандлі. "З нарошчваннем тавараабароту, узаемнага гандлю, супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы мы маглі б больш актыўна вырашаць пытанні адкрыцця дыпламатычных прадстаўніцтваў Судана ў Беларусі і Беларусі ў Судане", - лічыць спікер.
Дэлегацыя Судана знаходзіцца з візітам у Беларусі ўжо некалькі дзён, за гэты час абмеркаваны шырокі спектр пытанняў з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі. "Павінен сказаць, што ўсе гэтыя пытанні накіраваны на ўстойлівае развіццё Судана і Беларусі, і нам прыемна, што ёсць узаемаразуменне. Усе перагаворы накіраваны, у першую чаргу, на павышэнне даверу паміж нашымі дзяржавамі, на забеспячэнне міру і бяспекі", - заўважыў Уладзімір Андрэйчанка.
Ібрагім Ахмед Амер падзякаваў беларускаму боку за гасціннасць, за цёплую сустрэчу. "Мы лічым, што гэты візіт з'яўляецца працягам дыялогу, які адбыўся ў студзені 2017 года ў час візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Судан", - сказаў ён. Ібрагім Ахмед Амер выказаў меркаванне, што згаданы візіт на вышэйшым узроўні стаў рухавіком для развіцця адносін паміж дзвюма дзяржавамі.
Старшыня Нацыянальнай асамблеі таксама адзначыў важнасць сустрэч, якія адбыліся напярэдадні паміж членамі суданскай дэлегацыі і міністэрствамі і ведамствамі з беларускага боку. Ён выказаў упэўненасць, што гэтыя сустрэчы нададуць сур'ёзны імпульс развіццю двухбаковых адносін.
У той жа час спікер акцэнтаваў увагу на выгадным геаграфічным становішчы Судана. "Судан размешчаны ў цэнтры Афрыканскага кантынента, мае адносіны да арабскіх краін, і яго становішча з'яўляецца вельмі важным, - заўважыў ён. - Хартум з'яўляецца зыходным пунктам і на поўнач, і на захад, і на поўдзень, і на ўсход Афрыкі", - дадаў кіраўнік дэлегацыі.